Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

Ёй кіравала карысць

Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу камбікорму з фермы “Паморшчына” СГУ “Бабровічы». Жыхарка а. г. Бабровічы, якая працуе на гэтай ферме і з’яўляецца матэрыяльна адказнай асобай, з карыслівай мэтай скрала 1350 кг камбікорму на агульную суму 351 рубель.

Гора-бацькі

Жыхар вёскі Выганічы, які па пастанове суда са снежня 2004 года павінен плаціць на ўтрыманне двух непаўналетніх дзяцей аліменты ў памеры 33% ад заробку і іншых даходаў, без уважлівых прычын іх не выплачваў, нідзе не працаваў і мер па працаўладкаванні не прымаў. У выніку ў яго ўтварылася запазычанасць больш за 4733 рублі.

Гора-бацька з вёскі Альшанка, які таксама нідзе не працуе і ўхіляецца ад выплаты аліментаў на дзвюх дачок, павінен суму ў памеры звыш 7863 рублёў. У жыхара г. Валожына, ураджэнца Эстонскай Рэспублікі, у падобнай сітуацыі на дваіх дзяцей не выплачаны больш за 2535 рублёў. Па кожным з гэтых фактаў узбуджаны крымінальныя справы.

Вывадаў не зрабіў

Неаднаразова судзімы, нідзе не працуючы жыхар вёскі Пытань у лістападзе мінулага года раённым судом быў пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі больш як на 4 гады і штрафам у памеры 75 базавых велічынь. На жаль, пэўных вывадаў для сябе ён не зрабіў і падчас адбывання пакарання, у пачатку сакавіка зноў учыніў аналагічнае злачынства. Яго затрымалі на вуліцы Беларускай райцэнтра, калі ён кіраваў аўтамабілем “Форд Эскорт”. Мужчына свядома ўхіляўся ад прыгавору суда. Ён стаяў на ўліку ў РАУС і пад роспіс быў папярэджаны пра крымінальную адказнасць за падобныя супрацьпраўныя дзеянні.

Рэха вайны

13 сакавіка ў 16.40 у аператыўна-дзяжурную службу паступіла паведамленне ад галоўнага інжынера ДРБУ № 167 Д. В. Князева аб тым, што пры правядзенні будаўнічых работ у кар’еры паблізу вёскі Бомбалы выяўлены снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёрна-піратэхнічная група знішчыла на месцы 100-міліметровы снарад з узрывальнікам.

А есці хочацца…

Нідзе не працуючы жыхар вёскі Гардынава 8 сакавіка выкраў прадукты са склепа, які знаходзіцца на прысядзібным участку пенсіянеркі вёскі Гарадзечна. 12 сакавіка ён учыніў аналагічнае злачынства ў вёсцы Брылькі, дзе вырваў прабой з уваходных дзвярэй склепа пенсіянеркі і выкраў слоікі з нарыхтоўкамі. У кожным выпадку была прычынена шкода на суму, большую за дзве базавыя велічыні.

Жыццё абарвалася

У пачатку сакавіка на 53-м кіламетры аўтадарогі “Мінск-Гродна” ў цёмны час сутак адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку загінуў пешаход. Каля васьмі гадзін вечара аўтамабіль “МАЗ-5440” з паўпрычэпам рухаўся ў напрамку Гродна. Пры абгоне аўтамашын “Опель” і “МАЗ-4370” ён учыніў наезд на пешахода, які пераходзіў праезную частку ў нявызначаным месцы і не абазначыў сябе святлоадбівальнымі элементамі. Ад удару яго адкінула ў правы бок, дзе трапіў пад колы “Опеля” і “МАЗа-4370”. У выніку жыхар Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці загінуў на месцы ДТЗ.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий