Сядзiба – люстэрка чалавечай душы

Культура

Відаць, нездарма тэмпераментныя італьянцы, што гасцілі ў сяброў у Сакаўшчыне, запрыкмеціўшы дом сям’і ЮШКО, шчыра захапляліся яго самабытнай прыгажосцю і горача ўсклікалі гаспадыні: “Белісіма!”

Шаляваныя сцены, не кранутыя фарбай, без намёку на модную аддзелку ўжо рэдка ўбачыш у сучаснай вёсцы. Драўніна, загартаваная дажджамі, ветрам і сонцам, захапляе сваёй першароднай прыгажосцю, ажыўляючы ў памяці вобразы ўнікальных помнікаў драўлянага дойлідства.

…Дом будаваў і займаўся яго мастацкім аздабленнем муж Марыі Сцяпанаўны – Расціслаў Віктаравіч Юшко. Адразу ж і водаправод правёў, што па тых часах для вёскі было ў навінку.

Усё, за што ні браўся ў жыцці, гэты чалавек рабіў на круглую пяцёрку. Ён стаў першым-студэнтам завочнікам, які скончыў Віцебскі інстытут ветэрынарыі з чырвоным дыпломам. Цалкам аддаваў сябе напружанай адказнай працы, за справу хварэў душой – быў галоўным ветурачом колішняга калгаса “1 Мая”. Жонка працавала ветфельчарам. Разам пражылі 39 гадоў. Але неспадзявана злая хвароба падкасіла шчырага працаўніка і дбайнага гаспадара, заўчасна забраўшы яго кіпучае дзейнае жыццё…

Душэўная атмасфера бацькоўскага гнязда амаль кожныя выхадныя кліча сюды сем’і двух сыноў – тут злятае ўвесь накіп гарадской мітусні, насычаешся сокамі роднай зямлі. З шумнай сталіцы любяць прыязджаць да бабулі і падрослыя ўнукі. У ціхіх утульных пакоях у асяроддзі драўляных сцен спіш салодка, як калісьці ў маленстве, закалыханы на ласкавых моцных руках дзядулі…

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий