Ініцыятыўным і прадпрымальным – карт-бланш

Общество

У апошні дзень адышоўшага года Прэзідэнт А. Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Плануецца, што яна прынясе значныя змяненні ў жыццё людзей, нават далёкіх ад прадпрымальніцкай дзейнасці: знізіць падатковую нагрузку, зменшыць адміністрацыйныя перашкоды, павялічыць канкурэнцыю сярод вытворцаў, што пойдзе на карысць спажыўцоў, і інш. Свае меркаванні наконт новага дакумента мы папрасілі выказаць некаторых чытачоў.

Яўгенія Казіміраўна ЛАТЫШАВА, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Валожынскім раёне:

– У раёне зарэгістраваны 358 індывідуальных прадпрымальнікаў і 181 юрыдычная асоба, якая займаецца камерцыйнай дзейнасцю. Як бачна з новай Дырэктывы, спросцяцца многія адміністрацыйныя працэдуры, магчыма, пасля гэтага больш людзей захоча займацца бізнэсам. Ёсць пункт, які тычыцца падатковай сістэмы, мы толькі “за”, каб людзям было лягчэй працаваць.

Святлана МАТУС

Святлана Аляксееўна МАТУС, Індывідуальны прадпрымальнік:

– Я 7 гадоў адпрацавала ў адным прыватным магазіне, 4 – у другім. Летась адважылася зарэгістравацца сама ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Маю ліцэнзію на гандаль бытавой хіміяй. Канкурэнцыя ў чацвер адчувальная, таму больш люблю гандляваць на рынку ў нядзелю. З адміністрацыйнай цяганінай пакуль не сутыкалася, зарэгістравалі мяне хутка, месца на рынку атрымала без праблем. Але палёгка, якая развяжа рукі ў добрым сэнсе, нам патрэбна.

Аляксандр БРАЗОЎСКІ

Аляксандр Віктаравіч БРАЗОЎСКІ, намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы:

– Рэалізацыя палажэнняў Дырэктывы дапаможа стварыць спрыяльныя ўмовы для прадпрымальнікаў, а значыць, з’явяцца новыя прадпрыемствы і новыя рабочыя месцы. Думаю, што і ў нашым раёне будуць прыняты сур’ёзныя меры па абароне і развіццю прыватнага бізнэсу.  Толькі летась зарэгістравана 75 ІП (25 – у Валожыне і 15 – у Івянцы). Больш за палову – 39 чалавек – выказалі жаданне працаваць у сферы паслуг.

Вера МАХІНА

Вера Сяргееўна МАХІНА, Аператар РУ “Валожынрайгаз”:

– Сама не займаюся ніякім бізнэсам, але ёсць сябры сярод мясцовых прадпрымальнікаў. Ведаю, што справа гэта нялёгкая. Пра Дырэктыву пачула па тэлевізары. Падумала, што, магчыма, у нашым райцэнтры з’явіцца больш людзей, якія возьмуцца аказваць вельмі патрэбныя паслугі. У нас, у прыватнасці, практычна няма канкурэнцыі цырульнікам Дома быту.   Многія нішы ў сферы паслуг свабодныя, напрыклад, афармленне залаў для ўрачыстасцей і г. д.

Уладзімір МАТУЦЬ

Уладзімір МАТУЦЬ, вадзіцель:

– Мяне гэта Дырэктыва моцна не закранула, бо бізнэсам займацца не планую. Як просты чалавек, рэальна бачу, што ў Валожыне прадпрымальніцтва не развіта, а канкурэнцыі ўвогуле няма, хіба што паміж камерсантамі на рынку. Хацелася б больш месцаў для адпачынку моладзі. Можна было б у вольны час пагуляць у більярд, боўлінг. Думаю, што выкажу думку многіх гараджан: катастрафічна не хапае ў райцэнтры аўтамыйкі.

Гутарыла Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий