Свята на ўзнёслай ноце

Свята-на-ўзнёслай-ноце

    Калі адказны для камунальнікаў ацяпляльны сезон падыходзіць да фінішу, яны адзначаюць сваё прафесіянальнае свята. Заўсёды РУП “Валожынскі жылкамунгас” робіць гэта з размахам. Не стаў выключэннем і год сёлетні.

У якасці ганаровага госця на ўрачыстасць быў запрошаны намеснік старшыні райвыканкама А. В. Бразоўскі, які зазначыў, што гэта служба адна з самых запатрабаваных і адказных, а жыхарам раёна ёсць за што быць удзячнымі жылкамунгасу. У калектыве працуе шмат людзей, якія да даручанай справы ставяцца без абыякавасці і забяспечваюць належны ўзровень камунальных паслуг. Як пацвярджэнне сказанаму, Аляксандр Віктаравіч уручыў Ганаровыя граматы і Падзякі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і РУП “Валожынскі жылкамунгас” 19 работнікам.

Ганаровую грамату Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі атрымала апаратчыца хімводаачысткі ўчастка кацельнай гаспадаркі Т. Т. Сянкевіч. 26 гадоў адпрацавала Таццяна Тадэвушаўна ў сістэме ЖКГ. Асноўная яе работа – сезонная, калі даводзіцца сачыць за хімічным саставам вады ў сістэме ацяплення. У перыяд міжсезоння Таццяна Тадэвушаўна запатрабаваная на іншых участках, дзе яе таксама цэняць і заўсёды чакаюць.

Вадзіцель вытворчага ўчастка г. п. Івянец Міхаіл Міхайлавіч Бібік, аператар кацельнай гарадской лазні Мікалай Аляксеевіч Быкоўскі і лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу станцыі абезжалезвання Таццяна Вячаславаўна Сіняўская адзначаны Ганаровымі граматамі аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці”. Добрыя вынікі ў працы яны паказваюць не адзін год і па праве лічацца авангардам прадпрыемства.

Наш жылкамунгас славіцца яшчэ і актыўнай работай прафсаюзнай арганізацыі, якую вось ужо амаль 20 гадоў узначальвае Аляксандр Сцяпанавіч Бяляўскі. Культурны адпачынак, спартыўнае жыццё, удзел у мастацкай самадзейнасці – усё пастаўлена з размахам. Так, сантэхнік па прафесіі і паэт па закліку душы Аляксандр Кулак уласным прыкладам даказаў, што талент і сапраўды можа быць шматгранным. Сярод камунальнікаў ёсць самабытныя спевакі і здольныя лёгкаатлеты, не раз прадстаўнікі прадпрыемства станавіліся абласнымі пераможцамі сярод калег на разнастайных конкурсах і спаборніцтвах. І не дзіва, што нават прафесіянальныя артысты лічаць за гонар супрацоўнічаць з такім калектывам.

Стварыць святочны настрой сёлета дапамагалі саліст тэатра эстрады Мікіта Касцюкевіч, артыстка філармоніі Святлана Шыманская, калектыў “Гуляй,  бульбаш!” і інш. Канцэрт трымаўся яркім і запамінальным яшчэ і па той прычыне, што многія нумары былі “завязаны” менавіта на РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Гледачы ахвотна выходзілі на сцэну і “дапамагалі” праводзіць фокусы, танцавалі, а напрыканцы разам з гасцямі правялі конкурс “Супермужчына”, перамогу падзялілі начальнік участка добраўпарадкавання Алег Паталей і рабочы зялёнага будавання Валерый Жылінскі.

…Адзін з канцэртных нумароў размоўнага жанру заканчваўся словамі: “Усе жадаюць працаваць у такім калектыве, як Валожынскі жылкамунгас!” І прысутныя пагадзіліся з гэтым бурнымі апладысментамі.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars