Дбайнасць іх характару

Культура

У вёсцы Забрэззе нямала прыгожых прыватных сядзіб. Многія вылучаюцца дарагім вонкавым выглядам жылых будынкаў, дыхтоўнымі агароджамі з металапрофілю, экзатычнымі прысадамі дэкаратыўных кустоў, туй. Хата, дзе жывуць пенсіянеры Скадорвы, не прайшла ўсе этапы такога моднага цяпер “еўрарамонту”, аднак яна нічым не ўступае сваім канкурэнтам. Па неабходнасці гаспадары фарбуюць шаляванку, вокны, абнаўляюць драўляны плот. У двары ля хаты няма хаатычнага зарасніку вішняку, дзікарослых кустоў, старых дрэў, як гэта часта сустракаецца ў большасці вёсак. Тут не ўбачыш нічога лішняга, сядзіба выглядае простай, акуратнай і старанна дагледжанай.  У палісадніку штогод з вясны да позняй восені красуюць кветкі, падворак рэгулярна падкошваецца.

Марыя Казіміраўна – у былым настаўніца мясцовай школы і яе муж Вячаслаў Антонавіч, які да пенсіі працаваў у лясной меліярацыі, шмат свайго часу ахвяруюць на добраўпарадкаванне. Да таго ж у кожнага з іх ёсць і асабістае хобі. Муж даўно славіцца ў нашым раёне як здольны лозапляцельшчык, а жонка заўзята вяжа пруткамі стракатыя дыванкі на падлогу.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий