Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Сваё прафесіянальнае свята адзначылі работнікі бытавога абслугоўвання краіны. Лепшыя з іх былі адзначаны Ганаровымі граматамі і падзякамі на розных узроўнях. Не абмінулі ўзнагароды і членаў калектыву КУП “Валожынскі камбінат бытавога абслугоўвання”.

Ганаровая грамата Мінскага абласнога выканаўчага камітэта была ўручана цырульніку Валожынскага Дома быту Ірыне Іванаўне Юхнеўскай, Ганаровая грамата Валожынскага райвыканкама – швачцы Дома быту Але Зянонаўне Чарня, падзякі старшыні райвыканкама – закройшчыцы Ірыне Мікалаеўне Таўгень і цырульніку Вользе Аляксандраўне Махмудавай. Ганаровай граматы Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавога прадпрыемства ўдастоена майстар па рабоце з сельскімі комплекснымі-прыёмнымі пунктамі Алена Фёдараўна Яблонская, падзякі гэтай арганізацыі – цырульнік КПП “Івянец” Крысціна Анатольеўна Радкевіч.

 

    Новы намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце назначаны ў КСУП “Падбярэззе”.

    На гэту пасаду прызначана Святлана Аляксееўна Бародкіна, якая раней працавала старшынёй Вішнеўскага сельвыканкама.

 

    Пасяджэнне літаратурнай гасцёўні “Паэзіі акрыленая Муза”, прысвечанае Сусветнаму дню паэзіі, прайшло ў раённай бібліятэцы.

На сустрэчу са старшакласнікамі горада і найбольш актыўнымі чытачамі бібліятэкі прыйшлі члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч, Марыя Шакун і Галіна Марцінкевіч, актывістка аб’яднання Надзея Агіевіч, якія чыталі свае вершы, разважалі пра паэзію. Была падрыхтавана выстава кніг членаў літаратурнага аб’яднання, што знаходзяцца ў фондах бібліятэкі.

 

    Новую форму работы па аказанні платных паслуг рэалізуюць работнікі раённага цэнтра культуры. Яны прапануюць жыхарам раёна паездкі па святых месцах Беларусі.

Не так даўно праваслаўныя вернікі адкрылі для сябе Свята-Увядзенскі стаўрапегіяльны жаночы манастыр у вёсцы Багушы Смаргонскага раёна (недалёка ад Крэва). Транспарт для паездак выдзяляе аддзел культуры.

25 сакавіка адбылося першае знаёмства з жаночым манастыром. 24 вернікі пабывалі на службе, хто пажадаў, схадзіў да споведзі, потым іх пазнаёмілі з манастырскім укладам і нават пачаставалі яблыкамі з тамтэйшага саду. 1 красавіка ў Багушы адправілася чарговая група з Валожына. На 4 красавіка запланавана паездка ў сталіцу на праваслаўны “Вербны кірмаш”.

 

    На базе класа па ахове працы РУП “Валожынскі жылкамунгас”, які абсталяваны ў гасцініцы “Карона” райцэнтра, прайшоў семінар “Ахова працы ў галіне пажарнай бяспекі”.

Яго арганізавалі для інжынераў па ахове працы і адказных за пажарную бяспеку ў працоўных калектывах кіраўніцтва РАНС, раённае аб’яднанне прафсаюзаў і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Пасля тэарэтычнай часткі семінара адбыліся практычныя заняткі. Удзельнікам прадэманстравалі спецыяльную тэхніку і абсталяванне. Яны павінны былі паказаць на справе сваё ўменне карыстацца вогнетушыцелямі, а для гэтага ім прапанавалі патушыць “сапраўдны” агонь. Таксама пры няштатнай сітуацыі па тэлефоне “101” выклікаліся пажарныя, і людзі пераканаліся, праз колькі часу спецмашыны з’явіліся на месца здарэння.

 

    Можна сказаць, што жыхары раёна жывуць насычаным культурным жыццём, удзельнічаюць у канцэртах і конкурсах, выязджаюць у тэатры сталіцы, клапоцяцца пра здароўе.

Напрыклад, дзіцячы хор “Іслачанка” Ракаўскай школы мастацтваў выступіў з канцэртнай праграмай перад студэнтамі і выкладчыкамі Мінскага філіяла Федэральнага Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. А цяпер удзельнікі хору рыхтуюцца да міжнароднага фестывалю ў Літве. Заўзятыя тэатралы двойчы наведалі тэатры Мінска. У Драматычным тэатры Беларускай арміі пабывалі на спектаклі па п’есе А. Дударава “Не пакідай мяне…”, у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры паглядзелі “Варшаўскую мелодыю” па п’есе Л. Зорына. Арганізаваў паездкі ў тэатры цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А наведвальнікі аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра не ў першы раз здзейснілі паездку ў маладзечанскі аквапарк.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars