Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

На 3-м пленуме Савета Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў старшыні Валожынскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктару Станіслававічу Гідлеўскаму за добрасумленную працу, плённую работу па абароне працоўных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза была ўручана Падзяка.

    У рамках перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы сакавіка наведаў Ракаў і Івянец.

У парафіі Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве развіталіся з пілігрымуючай Маці Божай Фацімскай, якая прабывала там у межах святкавання 100-гадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў. З Ракава фігуру Фацімскай Панны перавезлі ў парафію св. Аляксея ў Івянцы. Святыя імшы ў Ракаве і Івянцы ўзначаліў Мітрапаліт Т. Кандрусевіч. Сярод прысутных на богаслужэнні былі таксама партугальскія журналісты “Радыё Рэнесанс”, якія рыхтуюць спецыяльную праграму, прысвечаную 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў і візіту папы Францішка ў Фаціму 13 мая 2017 года. Для падрыхтоўкі праграмы была выбрана і Беларусь, дзе вельмі моцна развіты культ Маці Божай Фацімскай. Журналісты таксама сустракаліся з вернікамі, задавалі ім пытанні. Арцыпастыр заклікаў вернікаў івянецкай парафіі, каб усе дні знаходжання ў іх касцёле фігуры Маці Божай Фацімскай былі напоўнены глыбокімі малітвамі.

 

8 устаноў адукацыі прынялі ўдзел у раённым этапе конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд”. Былі прадстаўлены вышыўка, ткацтва, беларуская народная лялька, валянне з воўны.

Журы адабрала 16 лепшых работ, якія 4 красавіка адправілі на рэгіянальны тур у Вілейку. Сярод лепшых адзначаны вышываная ікона Божай Маці Казяльшчанскай, якую выканала Вераніка Татур з Гародзькаўскай СШ (кіраўнік М. І. Астроўская), тканае пано “Зімовы пейзаж” – калектыўны твор вучаніц СШ № 1 райцэнтра Ганны Шырокавай, Алесі Загорскай і Дзіяны Барбашынскай (кіраўнік Ю. І. Гісіч), вышыўка “Дрэва жыцця” вучаніцы Ракаўскай СШ Аліны Лесік (кіраўнік Н. А. Лукашык).

 

    Па запрашэнні кіраўніцтва гімназіі імя Ф. Рушчыца з гарадка Рудамін, які з’яўляецца прыгарадам Вільнюса, 9 вучняў СШ № 1 райцэнтра разам з настаўніцамі А. А. Макарэвіч і М. І. Шапуцькай на працягу трох дзён на веснавых канікулах пабывалі ў Літве.

Сярод вучняў былі падлеткі, якія вывучаюць польскую мову, удзельнічаюць у пленэрах і конкурсах. Для іх былі арганізаваны экскурсіі “Вільнюс – горад Рушчыца”, у Тракайскі замак і ў Меднікі. Школьнікі пазнаёміліся з Рудамінскай гімназіяй і яе вучнямі, пабывалі ў музеі народнай мастачкі Ганны Крэпштуль, удзельнічалі ў пленэры. Жылі яны ў сем’ях этнічных палякаў, што таксама садзейнічала ўдасканаленню польскай мовы.

 

    Традыцыйна ў дні канікулаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр у Валожыне праводзіў дні адкрытых дзвярэй.

За гэты час трэнажорную залу наведалі 70 школьнікаў, якія мелі магчымасць бясплатна займацца на розных трэнажорах.

 

    У Мінску прайшла спартакіяда ДЮСШ Мінскай вобласці па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2002-2003 гадоў нараджэння.

У вагавой катэгорыі да 55 кілаграмаў трэцяе месца заваяваў выхаванец ДЮСШ нашага раёна Арцём Зуёнак. Такі ж вынік у вагавой катэгорыі да 73 кілаграмаў паказаў Максім Кіслы. Юных спартсменаў трэніруе Аляксей Садоўскі.

 

    З 1 па 16 красавіка на другім паверсе раённай бібліятэкі працуе выстава “Лазовыя карункі”, на якой прадстаўлены работы майстра Васіля Вакарава.

 

На працягу двух дзён у Нясвіжы праходзіла першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2004-2005 гадоў нараджэння.

Выхаванцы трэнера Л. В. Хвядчэні занялі другое месца. Касцяк каманды складаюць вучні шостых класаў гімназіі № 1.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars