І цяпер ім не да адпачынку

Культура

Ласкавае веснавое цяпло, дараванае небам, міжволі прымушае вяскоўцаў-пенсіянераў змяніць звыклы дагэтуль лад жыцця, калі ў зімовыя халады яны пераважна праводзілі час перад тэлевізарам на ўтульнай канапе. Цяпер ім не да адпачынку. Рой думак пра розныя гаспадарчыя справы запаўняе галаву: трэба адпампаваць ваду, каб не трапіла ў склеп, зрабіць рэвізію бульбяных запасаў, прыкінуць, колькі можна спажыць “другога хлеба” да новага ўраджаю, колькі сотак клубняў пасадзіць вясной на прыватным участку…

Калі ў агародах распачынаецца гарачы сезон, мацнее і вясковая талака. Усю цяжкую фізічную працу ў вёсцы Цябуты суседзі стараюцца рабіць разам. На выхадныя становіцца лягчэй: прыязджаюць з гарадоў дзеці, унукі.

Вячаслаў Фёдаравіч ФЕДАРОВІЧ (на здымку злева) мае дзвюх дарослых дачок, пяцярых унукаў. Добрая памочніца ў гаспадарчых справах і жонка Рамуальда Францаўна. А сусед – пенсіянер Віктар Адамавіч ПРАТАСЕВІЧ ужо сем гадоў, як удавец. Але штогод, асабліва ў гэты час, кіруецца адвечнай сялянскай мудрасцю: “Веснавы дзень год корміць!” Цяжкай працы ён не баіцца, нягледзячы на свой 75-гадовы ўзрост, бо чатыры дзесяцігоддзі аддадзены прафесіі трактарыста. Жыве ён пад адным дахам з сям’ёй сына. Другі сын у Мінску. Цешаць сэрца дзядулі і пяцёра любімых унукаў.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий