А ў нас на кухнi газ…

Закон и порядок

Валожынскі раён газавага забеспячэння правёў для школьнікаў прафілактычную акцыю, падчас якой было расказана аб правілах карыстання бытавым газам.

Газавае абсталяванне ўжо настолькі трывала ўвайшло ў наша жыццё, што ў многіх карыстальнікаў пачуццё небяспекі ў адносінах да “блакітнага” паліва прытупілася. А, між тым, трагічныя здарэнні: выбухі газавых балонаў, узгаранні пры ўцечцы газу, атручванне чадам – адбываюцца. Папярэдзіць няшчасныя выпадкі можна, варта толькі строга прытрымлівацца правіл.

Нават на простае пытанне “З якога ўзросту можна карыстацца газавай плітой на кухні?” некаторыя не ведаюць дакладнага адказу. Газаўшчыкі нагадалі настаўнікам і школьнікам, што, згодна з нарматывамі, запальваць канфоркі на газавай пліце дазваляецца асобам, якія ўжо дасягнулі 12-гадовага ўзросту. А каб самастойна ўключыць газавую калонку, давядзецца падрасці яшчэ на два гады, бо толькі з 14-і гадоў гэта не забараняецца рабіць.

У ідэале, перш чым прыступацца да газавага абсталявання, дзеці павінны прайсці інструктаж у спецыялістаў у памяшканні раёна газавага забеспячэння. Тут ёсць “трэнажорная” кухня, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца карыстацца бытавым газам.

Аб усім гэтым даступна і ў цікавай форме расказалі вучням СШ  № 1 і № 2 райцэнтра, Гародзькаўскай і Суднікаўскай сярэдніх школ старшы майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Віталь Міснікевіч і майстар Аляксей Яблонскі.

Можна спадзявацца, што школьнікі з СШ № 1 акцыю запомняць асабліва, бо тэарэтычныя звесткі ім пашанцавала дапоўніць практычнымі навыкамі. Спецыяльны аўтамабіль прывёз дзеючыя газавыя прыборы. Дзеці не толькі ўключалі газ па ўсіх правілах, але і правяралі правільнасць і надзейнасць падключэння балона да пліты на прадмет уцечкі.

Не сакрэт, што часам і дарослыя, замест таго, каб нанесці мыльную пену, карыстаюцца запалкамі, каб даведацца, ці надзейна закручаны вентыль…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий