З любоўю да радзiмы

З любоўю да радзімы

    Выстава жывапісу “Я нарадзіўся тут” вядомага беларускага мастака Алеся Квяткоўскага адкрылася ў Валожынскім краязнаўчым музеі. Яна прысвечана 65-годдзю творцы і 40-годдзю яго прафесійнай дзейнасці.

Валожын – радзіма Алеся Адамавіча. Экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю горада і тых мясцін, якія мілыя і дарагія сэрцу жывапісца. У час адкрыцця выставы аўтар карцін расказаў наведвальнікам пра сябе і сваю творчасць.

З маленства хлопчык захапляўся маляваннем, ужо ў пяць гадоў ён пачаў вучыцца ў студыі рэспубліканскага Палаца піянераў у Мінску ў выдатнага мастака і педагога С. П. Каткова, затым скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага роспісу Акадэміі мастацтваў. Працаваў рэстаўратарам, іканапісцам. У 1990 годзе Алесь Адамавіч стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Творца выкладае на кафедры “Малюнак, акварэль і скульптура” архітэктурнага факультэта БНТУ, займаецца жывапісам, у работах выкарыстоўвае манументальнае мастацтва і графіку.

А. А. Квяткоўскі прымаў удзел больш як у ста выставах, многія з якіх былі персанальнымі. Шматлікія работы нашага земляка знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Германіі, Швейцарыі, ЗША, Ізраіля і інш.

Ён стварае свае палотны на аснове калажна-мантажнага метаду. У яго работах дамінуе сімвалічны пачатак. На адным палатне творца ўмела спалучае фігуратыўныя і абстрактныя вобразы. У кожную карціну трэба ўгледзецца, каб зразумець задуму жывапісца. Тады работы кранаюць сэрца, прымушаюць задумацца пра сэнс жыцця, пра крохкасць сусвету. Кожны твор прасякнуты любоўю да радзімы.

Карціны, якія прадстаўлены на выставе, так ці інакш звязаны з Валожыншчынай. Сімвалічна гаворыць пра гэта яе назва. На палотнах можна пазнаць пейзажы валожынскай зямлі. Некалькі твораў прысвечаны нашым знакамітым землякам. Гэта “Спатканне з Рушчыцам”, “Прывітанне з Вішнева. Шымон Перэс”, “Стары Улас”, “Паэт Віктар Шніп”. Між іншым, апошняя стала прароцкай.

Удзельнікаў выставы зацікавіла карціна на тэму Першай сусветнай вайны, асаблівы інтарэс выклікалі творы “Ля палаца Тышкевічаў” і “Я нарадзіўся тут”. Скарыстаўшыся магчымасцю, наведвальнікі пацікавіліся ў мастака яго планамі на будучае. Алесь Адамавіч Квяткоўскі некалькі сваіх палотнаў збіраецца пакінуць на Валожыншчыне. Ён лічыць, што, дорачы свае работы, захоўвае іх для будучых пакаленняў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars