Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай у рамках адукацыйнай праграмы “Паслугі рэабілітацыі дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю (з захаваным інтэлектам)” на працягу трох тыдняў красавіка будзе знаходзіцца ў ЗША ў штаце Масачусец.

Яна ўвайшла ў склад групы аднадумцаў з 10 чалавек з Беларусі, якія выйгралі напрыканцы мінулага года спецыяльныя гранты, прадставіўшы свае распрацоўкі ў Пасольства ЗША ў нашай краіне. Фінансуе гэту адукацыйную праграму агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. Пасля вяртання з Амерыкі Галіна Фадзееўна мяркуе ўвасабляць атрыманыя веды на практыцы, тым больш, што яе пасада напрамую звязана з сацыяльнай дапамогай людзям, асабліва інвалідам.

 

    У рамках праекта “Новыя імёны Беларусі” адбыўся конкурс сярод работнікаў спажывецкай кааперацыі вобласці, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі 14 раёнаў.

За высокі мастацкі ўзровень і выканальніцкае майстэрства ў намінацыі “вакал” праўленне аблспажыўсаюза і прэзідыум абкама прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі першае месца і Дыплом I ступені з выплатай грашовай прэміі прысудзілі прадаўцу шостага разраду магазіна № 115 “Прадукты” г. п. Івянец Ірыне Урбан.

 

    У спажывецкага кааператыва па развіцці аграэкатурызму “Валожынскія гасцінцы” новы старшыня. На месца Алеся Белага заступіў уладальнік аграсядзібы “Засценак Скрыплева” і адначасова дырэктар турыстычнага прадпрыемства “Зялёная каманда” Васіль Грынь.

Спажывецкі кааператыў налічвае 18 членаў – гэта гаспадары аграэкасядзіб, фермерскіх гаспадарак, рамеснікі.

 

    За першы квартал бягучага года ў раёне нарадзіліся 85 немаўлят, зарэгістраваны 25 шлюбаў.

За гэты ж прамежак часу выпісана 191 пасведчанне аб смерці. Хоць і шмат негатыўнага гавораць пра высакосны год, аднак пачынаўся 2016-ы больш рэзультатыўна: за тры першыя месяцы на свет з’явіліся 122 хлопчыкі і дзяўчынкі, а шлюбаў было зарэгістравана 40. Смяротнасць між тым склала 159 чалавек.

 

    Ужо шмат гадоў камерная зала Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў лічыцца філіялам Белдзяржфілармоніі, і таму вядомыя беларускія музыканты і выканаўцы частыя госці ў Валожыне, выступаюць таксама ў школах мастацтваў на перыферыі.

У сакавіку перад навучэнцамі і выкладчыкамі Валожынскай школы выступаў вядучы саліст-вакаліст Белдзяржфілармоніі Кірыл Старасценка. Ён выканаў папулярныя класічныя арыі з опер і беларускія народныя песні.

 

    15 членаў аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра прыйшлі на духоўныя сустрэчы з айцом Сяргеем Арловым, настаяцелем Спаса-Праабражэнскай царквы.

Такія сустрэчы ў аддзяленні ладзяцца напярэдадні вялікіх рэлігійных свят. На гэты раз размова і відэаматэрыялы, святочныя песнапенні прысвячаліся Вялікадню і падрыхтоўцы да гэтага светлага і ўзнёслага свята.

Дастаткова жадаючых з членаў аддзялення прыйшлі і на заняткі з элементамі трэнінгу “Тайны Усходу”, якія правяла псіхолаг Вольга Акульская. Заняткі былі накіраваны на зняцце напружання, стрэсу і стомленасці.

 

З 4 па 6 красавіка на базе СШ № 2 райцэнтра прайшлі занальныя спаборніцтвы па валейболе ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства.

У іх прынялі ўдзел каманды юнакоў і дзяўчат 2001-2003 гадоў нараджэння Валожынскага, Вілейскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў. Самы лепшы вынік паказалі абедзве каманды Маладзечанскага раёна. Нашы валейбалісты, на жаль, занялі апошні радок у турнірнай табліцы.

Валейбол пакуль што слаба культывуецца ў раёне. Не так даўно ў г. п. Смілавічы адбыліся абласныя спаборніцтвы па валейболе сярод навучэнцаў прафтэхадукацыі, у якіх прынялі ўдзел 8 жаночых каманд. Нашы ліцэісткі (капітан каманды – першакурсніца Валянціна Ждановіч) паказалі шосты вынік, і іх гэта нават акрыліла. Увогуле, любыя спаборніцтвы – выпрабаванне сіл і праверка ігракоў. З часам з самых лепшых можа ўтварыцца і добрая зборная раёна.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars