Актыўна возьмемся за навядзенне парадку!

cc-1024x682

    З пачатку месячніка па добраўпарадкаванні тэрыторый арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Валожыншчыны ў кірунку навядзення хараства зроблена нямала. Каб пераканацца ў гэтым, а таксама вызначыцца з магчымай “работай над памылкамі”, у канцы мінулага тыдня ў рэйд па тэрыторыях Валожынскага і Вішнеўскага сельсаветаў выехала камісія.

Яе ўзначалілі першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Шыфрын і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Францавіч Глінскі. У рэйдзе прымалі ўдзел і кіраўнікі арганізацый, размешчаных на тэрыторыі адміністрацыйных адзінак.

Першым перад камісіяй трымаў адказ дырэктар КСУП “Сакаўшчына-агра”. Ён падзяліўся намечанымі планамі на бліжэйшы час. У прыватнасці, каля малочнатаварнай фермы ў Макараўцы належыць задыскаваць пляц, які пасля засеюць ячменем. Будзе праведзена таксама акультурванне і ўборка хмызняку на прыдарожных палосах шашы, якая вядзе ад трасы Мінск-Гродна да кальцавой развязкі ля райцэнтра. Звярнулі члены камісіі ўвагу і на неабходнасць чысткі меліярацыйных каналаў. Ёсць магчымасць у гаспадаркі правесці і перазалужэнне зямлі каля гарадскіх адстойнікаў. Пры праездзе праз Мінці старшыні Валожынскага сельвыканкама Д. К. Карачуну дадзена даручэнне замяніць пашкоджаныя ўчасткі агароджы на мясцовых могілках, а дырэктару гаспадаркі – накіраваць тэхніку на выпраўленне агрэхаў вясковага “земляробства” побач з бліжэйшымі населенымі пунктамі, правесці барацьбу з кустамі, давесці да ладу дробныя меліярацыйныя аб’екты і нават зрабіць новыя. Гаварылася пра неабходнасць стварыць невялікую копанку каля прыпынку ў вёсцы Стайкі: гэта мера дазволіць асушыць участак глебы ад празмернай вільготнасці.

Па дарозе да Жураўцаў вызначыліся з планамі ўвесці ў севазварот некаторыя незадзейнічаныя плошчы. Звярнулі ўвагу і на стан дарожнага пакрыцця: гравійнае варта падправіць з дапамогай грэйдараў. Непасрэдна ў названым населеным пункце выявілі стыхійны сметнік. Ліквідаваць яго, а рэшткі аднаго з сельскагаспадарчых збудаванняў – у ліку даведзеных да адказных асоб першачарговых задач. Дарожным і іншым спецыялізаваным службам адрасавана заданне аднавіць пад’езд да жывёлагадоўчага комплексу ў Бомбалах, убраць смецце на абочынах. Добра хоць, яго няшмат. Затое патрабуецца прыкласці істотныя намаганні, каб навесці парадак у Замасцянах. Без спецыялізаванай тэхнікі не абысціся: на ўчастку на ўзбярэжжы Сакаўшчынскага вадасховішча на месцы колішняй сядзібы засталіся глыбокія скляпенні, абкладзеныя камянямі. Цяпер яны амаль даверху запоўнены бытавым смеццем, якое зносяць сюды “прадпрымальныя” мясцовыя жыхары. Гаспадарка і сельвыканкам аб’яднаюць намаганні, каб засыпаць усё пяском і выраўняць тэрыторыю, якую жадаючым потым можна будзе аформіць пад будаўніцтва. Па дарозе наведалі зону адпачынку “Жоўты бераг” (там падтрымліваецца парадак), а вось на землях ляснога фонду дзе-нідзе сустракаюцца ачагі неахайнасці. Іх таксама трэба ліквідаваць у самыя кароткія тэрміны.

Накіроўваемся на тэрыторыю Вішнеўскага сельсавета. Пры праездзе праз вёску Адамова кіраўнікі рэйдавай групы далі некалькі слушных рэкамендацый, звязаных з добраўпарадкаваннем прыдарожных палос. Таксама паступіла ўказанне кіраўніцтву філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” участак дарогі з гэтага населенага пункта да Каліварыі ўключыць на наступны год у план рамонту.

Цэнтральная сядзіба названай вышэй адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі сустрэла рэйдавую групу чыстымі вуліцамі і акуратна прыбранымі падворкамі. У гэтым ракурсе нараканняў не было. З асноўнай праблемай “спаткаліся” на тэрыторыі смеццевага палігона: з вонкавага боку агароджы складзіравана вялікая колькасць галін, драўніны і іншых раслінных рэшткаў. Работнікам сельвыканкама належыць арганізаваць пільны кантроль за падобнымі самавольнымі вывазамі.

Багданава і ваколіцы, як выявілася з размовы з кіраўніком мясцовага сельгаскааператыва, маюць вострую патрэбу ў смеццевых кантэйнерах. З-за іх адсутнасці ў населеных пунктах гэтай зоны перыядычна і ўзнікаюць ачагі неахайнасці. Перад РУП “Валожынскі жылкамунгас” пастаўлена задача закупіць ёмістасці ў неабходнай колькасці. З крыніцамі фінансавання вызначацца ў бліжэйшы час. На мяжы з Гродзенскай вобласцю таксама ёсць праблемнае ў санітарным плане месца. Гаспадарка абавязалася ліквідаваць яго.

Апошні прыпынак рэйдавая група зрабіла ў Подберазі. Вёска спадабалася знешнім выглядам. Аргументаваныя пытанні ўзніклі толькі да тэрыторыі насупраць мехдвара КСУП “Падбярэззе”, якая замест зялёнай зоны ператварылася ў дадатковы праезд для буйнагабарытнай тэхнікі. Дырэктар прадпрыемства падзяліўся планамі прадыскаваць, акультурыць гэта месца, а пасля зрабіць тут аўтатранспартную стаянку і ўпарадкаваную валейбольную пляцоўку для мясцовай дзятвы. На рэалізацыю першай часткі добрай задумы камісіяй адведзены тыдзень.

Завяршэнне месячніка добраўпарадкавання ўжо не за гарамі. Ад яго вынікаў будзе залежыць і агульны воблік нашага рэгіёну, і камфорт яго жыхароў. А таму ўсім адказным трэба засяродзіць сілы на максімальна якасным і хуткім выкананні атрыманых даручэнняў.

Сяргей САДОЎСКІ

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars