Маршрут да спадчыны

Volojin

    Згодна з пастановай Прэзідыума Савета Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, на тэрыторыі раёна створаны экскурсійны маршрут пад назвай “З гісторыяй, з культурай, з намі”. Мэта яго – папулярызацыя гістарычных мясцін і народных традыцый Валожыншчыны. Першымі турыстамі маршруту сталі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый працоўных калектываў райцэнтра.

Чамусьці лічыцца, што турыстычная вандроўка павінна абавязкова весці ў невядомыя далі. А сваё, тое, што побач, – гэта як кніга, якую калісьці прагартаў і даўно паставіў на паліцу. І няўцям многім, што самыя цікавыя старонкі там засталіся непрачытанымі. Прафсаюзныя актывісты сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама пастараліся даказаць: новыя ўражанні, пазнавальныя звесткі, карысны адпачынак і добры настрой можна атрымаць у родных ваколіцах за невялікія грошы, патраціўшы ўсяго палову выхаднога дня.

Неабходна зазначыць, што нам, жыхарам раёна, вельмі пашанцавала са спадчынным багаццем: маляўнічая прырода, славутыя землякі, унікальныя фальклорныя традыцыі. Пры жаданні, кожная вёска магла б стаць аб’ектам турыстычнага маршруту. У поле зроку прафсаюзаў трапілі Сакаўшчына, Вішнева, Багданава, Лоск і Дубіна. Пробны тур, які адбыўся ў апошні дзень сакавіка, дапамог экскурсаводам скласці своеасаблівую “падарожную” карту: дакладны расклад часу, санітарныя прыпынкі, бяспека турыстычных груп. “Піянеры” маршруту аказаліся людзьмі вопытнымі, таму са сваімі меркаваннямі, парадамі і заўвагамі дзяліліся ахвотна. Выкрываць сакрэты турыстычнай “кухні” лічу немэтазгодным, а вось пра канчатковы “прадукт” раскажу з вялікім задавальненнем.

Поспех любой экскурсіі залежыць у першую чаргу ад экскурсавода. Ён павінен быць чалавекам эрудзіраваным, красамоўным, камунікабельным і пазітыўным. Навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Ніна Уладзіміраўна Бобрык такімі якасцямі адорана, а яшчэ ўмее выклікаць субяседніка на дыялог, што, як вядома, найлепш спрыяе паспяховаму данясенню інфармацыі.

Першы прыпынак чакаў вандроўнікаў у Сакаўшчыне. Культработнікаў у Сакаўшчынскім сельскім Цэнтры культуры ўсяго пяцёра, і прынцып “галоўнае не колькасць, а якасць” тут спрацоўвае на ўсе 100 працэнтаў. Установа сёння можа прапанаваць наведвальнікам дзясяткі ўнікальных сувеніраў і тавараў з маркай “Зроблена ў Сакаўшчыне”. Гэта паясы, магніцікі, мяккія цацкі, аксесуары ў этнастылі для моладзі і шмат іншага. Мастацкі кіраўнік гуртка прыкладнога мастацтва Наталля Феліксаўна Хаванская з задавальненнем пакажа аўтэнтычную тэхніку ткацтва, навучыць за некалькі хвілін вырабляць старадаўнія абярэгі ў выглядзе птушак, лялек. Хормайстар Святлана Іванаўна Семяняга раскажа пра даўнейшыя мясцовыя традыцыі. Тут жа, па задумцы арганізатараў, турыстам неабходна прапанаваць чай, каву, бутэрброды.

Вішнева – самы змястоўны ў плане інфармацыі прыпынак маршруту. Музей ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ўнікальны, адзіны ў Беларусі музей святара. Тарэса Віктараўна Бітэль, якая айца Уладзіслава ведала, памятае і верыць, што яго светлая душа апякуецца над гэтым месцам. Нідзе ў Еўропе, акрамя Вішнева, не пабачыце і музея лаўрэата Нобелеўскай прэміі, дзявятага прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса. Створаны ён пры бібліятэцы ў 2013 годзе. Загадчыца ўстановы Алена Генадзьеўна Жвірко падрабязна раскажа пра жыццё славутага земляка, пра трагічную гісторыю яўрэйскай суполкі мястэчка.

Наведаць Вішнева і не пабываць у царкве, касцёле, не паспытаць вады са Святой крынічкі, не палюбавацца ракой Альшанкай – значыць упусціць найбольш каштоўнае. Турыстам якраз прыспее пара ногі размяць, таму пахадзіць каля святыняў будзе не толькі прыемна, але і карысна.

Паблукаць у цішы давядзецца і на нямецкіх могілках у Дзясятніках, дзе маршрутам прадугледжаны яшчэ адзін аб’ект для агляду. Затым дарога прывядзе ў Багданаў, на радзіму знакамітага Фердынанда Рушчыца. Тут экскурсійную эстафету пяройме настаўніца выяўленчага мастацтва Наталія Адамаўна Варановіч, якая паведаміць біяграфію мастака, раскажа пра яго творчасць і працяг яе традыцый у жывапісных работах сучаснікаў.

Канечным прыпынкам у той дзень, абмінуўшы з-за недахопу часу Лоск, стала вёска Дубіна. Вопытныя шоўмены сцвярджаюць, што фінальны акорд павінен быць запамінальным. Не ведаю, ці кіраваліся арганізатары тура такім меркаваннем, але фінішаваў маршрут ярка. “Дубінскія фанабэры” пастараліся нават хмары фуфайкамі разагнаць, каб для гасцей сонейка выглянула…

Для таго, каб турысты маглі пазнаёміцца з даўнейшым вясковым побытам, дубінскія культработнікі прывялі ў парадак хату, якая калісьці належала настаўніку Васілю Іванавічу Рагялю. Жыў і працаваў гэты чалавек вельмі даўно, памёр у 1946 годзе, але дубінцы і сёння добра ведаюць яго імя і ўспамінаюць з вялікай павагай. Плануецца, што з часам дом В. І. Рагяля ператворыцца ў музей, дзе, акрамя выставы экспанатаў, будзе яшчэ і магчымасць адведаць нацыянальныя стравы, прыгатаваныя ў печы. Некаторыя прысмакі былі прапанаваны прафсаюзным лідарам. Дэгустацыя прайшла на ўра.

Як след падсілкаваўшыся, турысты праявілі актыўнасць у конкурсах: разгадвалі дасціпныя загадкі, выконвалі прыпеўкі, з задавальненнем развучвалі старадаўнія танцы: падыспань, кадрылю.

Вандроўка па знаёмых мясцінах падарыла ўсім вялікую асалоду, і можна спадзявацца, што маршрут да спадчыны будзе папулярным і запатрабаваным.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars