Толькі ўперад! І толькі разам!

brsm

Адбылася VI справаздачна-выбарная канферэнцыя Валожынскага РК ГА “БРСМ”. У ёй прынялі ўдзел 115 дэлегатаў, якія прадставілі 61 пярвічную арганізацыю.

Арганізатары творча падышлі да падрыхтоўкі маладзёжнага форуму. Яшчэ да пачатку асноўнай часткі маладыя людзі, якія мелі гонар прадстаўляць на раённым узроўні свае пярвічкі, змаглі паўдзельнічаць у рабоце інтэрактыўных пляцовак, што ладзіліся ў фае РЦК. Сельгасліцэй прадставіў калекцыю адзення і аксесуараў з ільну. Навучэнка другога курса Лізавета Цімановіч расказвала зацікаўленым аб эксклюзіўных экспанатах і давала кансультацыі па асаблівасцях работы з ільнянымі вырабамі. Маладыя спецыялісты РЦК Кацярына Мядзелка і Аліна Гарбачэўская правялі майстар-класы па вырабе выцінанак і тэхніцы аквагрыму. Аддзяленне дзённага знаходжання маладых інвалідаў ТЦСАН наладзіла выставу вырабаў наведвальнікаў гурткоў установы. Тут жа жадаючыя маглі набыць сувеніры і даведацца, як ствараюцца велікодныя яйкі ў розных тэхніках.

Шматлюдна было і на пляцоўцы, за работу якой адказваў рэжысёр РЦК Уладзімір Ціханоўскі. Гульня ў фармаце “Хто жадае стаць мільянерам?” дазволіла юным эрудытам праверыць свае веды па гісторыі Беларусі і роднай Валожыншчыны. Выхаванцы ДЮСШ і трэнер Аляксей Садоўскі ўразілі прысутных майстэрствам. Юныя дзюдаісты спрытна дэманстравалі прыёмы, тлумачылі правілы іх выканання. Дэлегаты і госці канферэнцыі змаглі ацаніць талент двухразовага чэмпіёна краіны па хіп-хопе Арцёма Шухно, які разам са сваімі аднадумцамі прадстаўляў пярвічную арганізацыю воінскай часці 30695. Творчыя сюрпрызы падрыхтавалі выхаванцы гімназіі № 1 і артысты РЦК.

Пры падрыхтоўцы канферэнцыі актывісты раённай арганізацыі ўлічылі пажаданні маладых людзей і зрабілі ўсё магчымае, каб гэта мерапрыемства не было зацягнутым і сумным. Са справаздачным дакладам выступіла першы сакратар раённага камітэта Н. Нямкевіч. Наталля Паўлаўна асабліва адзначыла работу раённага камітэта ў арганізацыі пярвічнай занятасці старшакласнікаў школ і навучэнцаў ліцэя ў канікулярны перыяд. Аб эфектыўнасці такой дзейнасці гавораць лічбы. Напрыклад, у 2015 годзе ў раёне працаваў 21 маладзёжны атрад (304 удзельнікі), а ў 2016 годзе ў 22 атрадах працавалі ўжо 312 чалавек. У бягучым годзе колькасць атрадаў і задзейнічаных у іх байцоў абяцае стаць большай. Станоўча ацэнены і ўдзел членаў БРСМ у рабоце атрадаў аховы правапарадку і традыцыйных патрыятычных акцыях.

Як адзначыў падчас свайго выступлення галоўны спецыяліст абласнога камітэта Раман Мікалаевіч Мамчанка, сёння грамадская арганізацыя – гэта магчымасць для кожнага ініцыятыўнага маладога чалавека праявіць свае дзелавыя здольнасці, рэалізаваць творчы патэнцыял.

Аб важнасці развіцця БРСМ і супрацоўніцтве яго членаў з іншымі грамадскімі арганізацыямі, аб неабходнасці як мага больш актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні важнейшых пытанняў на ўзроўнях рэспублікі, вобласці, раёна гаварылася ў выступленні намесніка старшыні райвыканкама Пятра Іосіфавіча Бібіка.

Амаль усе ўдзельнікі канферэнцыі, што выходзілі да мікрафона, падкрэслівалі значнасць БРСМ у фарміраванні кадравага патэнцыялу раёна, яго ролю ў грамадска-патрыятычным выхаванні моладзі. У той дзень былі названы лепшыя пярвічныя арганізацыі – ААТ “Агра-Дубінское”, жылкамунгаса, райспажыўтаварыства, лясгаса, устаноў адукацыі. Самым актыўным членам арганізацыі ўручаны памятныя сувеніры.

Падчас канферэнцыі выбраны новыя кіруючыя органы – раённы камітэт і кантрольна-рэвізійная камісія. Адразу ж было праведзена і першае пасяджэнне пленума, на якім члены райкама выбралі першага сакратара. Вотум даверу ў чарговы раз аказаны Наталлі Паўлаўне Нямкевіч.

Фінальным момантам мерапрыемства стала прыняцце праекта звароту ўдзельнікаў канферэнцыі да моладзі раёна. У гэтым дакуменце, размешчаным на сайце РК, аўтары прызвалі юнакоў і дзяўчат быць актыўнымі будаўнікамі свайго жыцця, не заставацца ўбаку ад важнейшых палітычных працэсаў, быць годнымі грамадзянамі роднай краіны. Заканчваецца зварот слоганам “Толькі ўперад! І толькі разам!”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars