Цяпло ідзе ад дабрыні

Цяпло ідзе ад дабрыні

Напярэдадні Дня работнікаў камунальнай службы слесара па рамонце абсталявання ўчастка кацельнай гаспадаркі РУП “Валожынскі жылкамунгас” Дзмітрыя Васільевіча Бяззубенкі чакаў прыемны сюрпрыз – па выніках мінулага года ён прызнаны лепшым работнікам камунальнай сферы, а яго партрэт будзе занесены на Дошку гонару раёна.

Гэта зусім не азначае, што толькі летась ён “узяўся за розум” і пачаў старацца. Дзмітрый Васільевіч ужо напачатку сваёй працоўнай дзейнасці, а прыйшоў ён на гарадскую кацельню ў маі 2005 года, вызначаўся сур’ёзным стаўленнем да даручанай справы.

Сакрэты рамонтных работ яму адкрываў вопытны слесар Іван Міхайлавіч Загорскі, якога камунальнікі і сёння ўспамінаюць з цеплынёй і павагай. Зараз Д. В. Бяззубенка ўжо сам кіруе брыгадай рамонтнікаў і таксама клапоціцца, каб кожны з падначаленых быў не проста выканаўцам загадаў, але і майстрам: хутка ставіў паломцы “дыягназ”, выпраўляў яе, своечасова праводзіў тэхнічную прафілактыку.

Кожная кацельня – механізм складаны. Гэта безліч труб, вузлоў, злучэнняў, цеплаабменнікаў і адводаў. Праўда, сучасныя агрэгаты значна прасцейшыя ў эксплуатацыі, многія працэсы аўтаматызаваныя і маюць аварыйныя сігнальныя датчыкі. Але і ведаў па абслугоўванні патрабуецца больш. Не так даўно гарадская кацельня “падрасла” на цэлы цэх, які будзе забяспечваць цяплом і гарачай вадой доўгачаканы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Абавязкаў у Д. В. Бяззубенкі і яго калег прыбавіцца. Хаця нельга сказаць, што слесары да гэтага часу былі мала загружаны работай. У раёне – 37 кацельных гаспадарак, усе яны знаходзяцца пад патранажам адной нешматлікай брыгады рамонтнікаў. Ад надзвычайных сітуацый з падачай цяпла цалкам застрахавацца нельга. Але вось ужо некалькі ацяпляльных сезонаў запар сур’ёзных паломак не дапушчана, а дробныя збоі і аварыі вырашаліся за мінімальны час.

Дзмітрый Васільевіч сваю работу ведае і любіць. А паколькі яго сям’я жыве ў шматпавярховым доме, то і сам як спажывец можа ацаніць сваю дзейнасць. Што датычыцца прыватнага жыцця паспяховага слесара-рамонтніка, то і тут у яго ўсё ў парадку: з жонкай жывуць у каханні і згодзе, выгадавалі дачку.

У далёкім 1988 годзе бацькі васьмікласніка Дзімы Бяззубенкі пераехалі ў Валожын з Гомельскай вобласці. Падлеткавы ўзрост – не самы лепшы час для перамен. Аднагодкі ў школе да навічкоў ставяцца насцярожана, памылак ім не даруюць, іншы раз не супраць даволі жорстка пажартаваць. Зведаў гэта ў юнацтве і будучы перадавік. Але Валожын усё ж такі прыйшоўся яму па душы. Нават калі паўстала пытанне аб выбары прафесіі, то рашыў, што мясцовае прафтэхвучылішча дасць яму пуцёўку ў дарослае жыццё. Так і сапраўды атрымалася. Сёння Дзмітрыя Васільевіча Бяззубенку паважаюць калегі, у яго шмат сяброў і аднадумцаў. Да жыцця ён шмат патрабаванняў не прад’яўляе. Проста хоча, каб ні хваробы, ні беды не перашкаджалі працаваць, а адпачынак каб прыносіў фізічнае і душэўнае задавальненне.

Хочацца адзначыць яшчэ некалькі рыс, якія станоўча характарызуюць гэтага чалавека: Дзмітрый Васільевіч умее заставацца акуратным пры выкананні нават самых брудных работ, не губляе аптымізму і пачуцця гумару ў экстрэмальных сітуацыях. І, як дабрак па натуры, верыць, што ласкавае слова мацней за пагрозы і ўшчуванні.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars