Курс – на ўстойлівае эканамічнае развіццё

Курс-–-на-ўстойлівае-эканамічнае-развіццё

    У мінулую пятніцу ў Пухавіцкім раёне прайшла выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Барысавіча Шапіры для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Журналісты адрасавалі кіраўніку вобласці шэраг пытанняў на розную тэматыку. З пачутага стала зразумела: Міншчына ўзяла трывалы курс на ўстойлівае эканамічнае развіццё. І перспектывы абнадзейваюць.

Першае зададзенае пытанне тычылася ўмацавання адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай. У прыватнасці, гутарка пайшла пра функцыянаванне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень”. Па словах Сямёна Барысавіча, сёння туды рыхтуюцца ўвайсці каля 10 новых кампаній-рэзідэнтаў, якія прадстаўляюць КНР. Кіраўнік вобласці заўважыў, што чатыры новыя кампаніі ў бліжэйшы час пачнуць працэдуру рэгістрацыі ў “Вялікім камені”. Сярод іх – вытворцы бытавых асвятляльных прыбораў, крышталя. С. Б. Шапіра ў рамках зададзенага пытання адзначыў, што нядаўна дэлегацыя Мінскай вобласці пад яго кіраўніцтвам наведала адну з кітайскіх правінцый менавіта з мэтай абмеркавання ўсіх фінансавых аспектаў развіцця сумеснага праекта. Дамовіцца па ўсіх нюансах не атрымалася, але для канчатковага вырашэння супярэчнасцей афіцыйны Мінск наведаў адзін з кіраўнікоў кампаніі па развіцці парку. “Разам з ім мы шукаем шляхі, як зрабіць парк больш эканамічна эфектыўным, а кіраванне – больш паспяховым”, – паведаміў старшыня Мінаблвыканкама.

Журналісты пацікавіліся таксама ходам сёлетняй вясновай кампаніі і папрасілі даць ацэнку культуры земляробства на Міншчыне. Сяўбу Сямён Барысавіч ацаніў пазітыўна: у вобласці ўжо пасеяна 85% плошчаў ранніх збожжавых і зернебабовых, а ўся пасяўная плошча перавысіць 550 тысяч гектараў. Вясновая кампанія вядзецца ў аптымальныя тэрміны, і пры ўмове, што ўзятыя тэмпы будуць захаваны, яна завершыцца раней чым запланавана. Сёння ўсе гаспадаркі вядуць палявыя работы, забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі і палівам у дастатковай колькасці.

Што да культуры земляробства, то старшыня абласнога выканаўчага камітэта заўважыў: Міншчына, без прыхарошванняў, з’яўляецца ў гэтым плане адной з лепшых у краіне. Было надзвычай прыемна пачуць выдатную ацэнку, дадзеную Сямёнам Барысавічам кіраўніку і хлебаробам нашага раёна за добра падрыхтаваныя палеткі. “Узровень апрацоўкі зямель на Валожыншчыне змяніўся рэвалюцыйна: палі ідэальныя. А ў гэтым – залог будучага ўраджаю”, – адзначыў кіраўнік абласной вертыкалі ўлады. Ён таксама расказаў прысутным, што сёлета вобласць плануе сабраць ураджай у аб’ёме не менш за 2,5 мільёна тон. Хоць гэта і складана, але рэальна. Азімыя пасевы збожжавых добра перанеслі асенне-зімовы перыяд. Вялікая стаўка ў бягучым годзе будзе зроблена на кукурузу. Дарэчы, у цэнтральным рэгіёне ўжо абмяркоўваецца, як можна выйсці на паказчык у 3 мільёны тон збожжа.

У адным з зададзеных пытанняў прагучала тэма рамонту дарог. Па словах Сямёна Барысавіча, у бягучым годзе на гэтыя мэты будуць выдзелены дадатковыя сродкі. Работы будуць весціся на ўчастках, якія патрабуюць асаблівай увагі. У прыватнасці, размова пайшла пра шашу ад Слуцка да Салігорска: там упарадкуюць цэментна-бетоннае пакрыццё. Таксама капітальны рамонт запланаваны на ўчастку ад Кургана Славы да Смалявічаў і на трасе ад Заслаўя да Маладзечна.

С. Б. Шапіра выказаўся і наконт фінансавай дапамогі з абласнога бюджэту. Журналісты заявілі, што ў некаторых райцэнтрах замерла будаўніцтва пэўных сацыяльных аб’ектаў, і папрасілі матэрыяльна прастымуляваць працэс. Кіраўнік вобласці параіў шукаць грошы ўнутры раённых бюджэтаў і патлумачыў сваю пазіцыю. Усе сродкі кансалідаванага бюджэту вобласці размеркаваны па колькасці жыхароў у кожным раёне, і яны цяпер знаходзяцца ў раённых фінансавых структурах. “У кожнай мясцовай улады ёсць магчымасць самастойна вырашаць, на якія мэты перш за ўсё неабходна выдзяляць грошы: на аб’язную дарогу або на жыллёва-камунальную гаспадарку, на вёску ці на развіццё аграпрамысловага комплексу старшыням выканкамаў лепш відаць”, – сказаў кіраўнік вобласці.

Падчас прэс-канферэнцыі ўзнімаліся таксама тэмы дзейнасці камісій па працаўладкаванні незанятых у эканоміцы грамадзян, развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і інш. Дадаткова ў рамках мерапрыемства прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі наведалі і азнаёміліся з работай самых паспяховых прадпрыемстваў Пухавіцкай зямлі – лідара беларускага рынку марожанага СТАА “Марозпрадукт”, Мінскай ТЭЦ-5, ЗАТ “Август-Бел”, якое займаецца выпускам хімічных сродкаў аховы раслін, ААТ “Завод горнага воску”, дзе наладжана вытворчасць высокаачышчанага парафіну, тэхналагічных маслаў, змазак і прадукцыі для выкарыстання ў харчовай і касметычнай прамысловасці.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars