Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ЗАСТАЎСЯ БЕЗ СУВЯЗІ

Жыхар Валожына звярнуўся да супрацоўнікаў міліцыі з просьбай дапамагчы ў пошуках злодзея, які ўкраў у яго мабільны тэлефон. У выніку праведзеных следчых мерапрыемстваў у поле зроку праваахоўнікаў трапіла жанчына з вёскі Сугвазды 1981 года нараджэння. Яна нідзе не працуе, але сутычак з законам не мела. Гэта жанчына і падазраецца ў крадзяжы. Яна часова затрымана.

ПАПЕРЫ ПАДПІСАЎ І ХОПІЦЬ

Без страху і патрэбнай павагі аднёсся жыхар вёскі Подберазь да прыгавору суда. Да крымінальнай адказнасці мужчыну прыцягнулі за ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей і асудзілі да 150 гадзін грамадскіх работ. Правапарушальнік быў азнаёмлены пад роспіс з правіламі і ўмовамі адбывання пакарання. Але ў прызначаны час у Вішнеўскім сельвыканкаме ён так і не паявіўся, да працы не прыступіў. Супраць яго ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа. На гэты раз яму пагражае рэальны тэрмін пазбаўлення волі.

ЗАМОК НЕ ПАМОГ

Жыхарка сталіцы, гаспадыня дачнага доміка ў Старынках, прыехаўшы на выхадныя ў вёску, выявіла адсутнасць запоўненага газавага балона. Урон жанчынай ацэнены ў 75 рублёў. Зараз міліцыя шукае злачынца, які паквапіўся на чужую маёмасць.

Недалічыўся свайго дабра і яшчэ адзін дачнік. Мужчына прыехаў на лецішча і выявіў, што запорнае ўстройства і замок з уваходных дзвярэй зламаныя, а месца, дзе стаяў мотаблок беларускай вытворчасці ў камплекце з плугам, пустуе. Пацярпелы падлічыў, што яго страты складаюць 1000 рублёў. Аператыўная група, якая прыбыла на месца здарэння, адшукала прыладу, якой быў пашкоджаны замок.

КЛІЕНТ НЕ ЗАЎСЁДЫ МАЕ РАЦЫЮ

Работнікі Івянецкага кафэ “Вай-Фай” доўга не маглі справіцца з падпіўшым грамадзянінам, які паводзіў сябе агрэсіўна і шумна. Прыезджы з Мінска мужчына на працягу двух гадзін канфліктаваў з іншымі наведвальнікамі, а потым пачаў спаганяць злосць на прадметах інтэр’ера. У выніку ім быў пашкоджаны дзвярны праём. Пры затрыманні высветлілася, што дэбашыр ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганскія дзеянні і не так даўно быў асуджаны. Але, відаць, на шлях выпраўлення ён так і не стаў…

АДНЫМ ПАМКНЕННЕМ СПРЭЖАНЫЯ

У дзяжурную службы РАУС патэлефанаваў прараб дарожна-рамонтнай брыгады і паведаміў, што каля Валожына, на 77-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна ўчынены крадзеж геасеткі. Зараз устаноўлена, што геасетка не ахоўвалася і была скрадзена ў начны перыяд. Зламысніку нейкім чынам удалося забраць даволі вялікі кавалак гэтага матэрыялу – 45 метраў даўжынёй і плошчай 216 метраў квадратных. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.

Прасіць дапамогі ў міліцыі давялося і начальніку Валожынскага раёна электрасетак. Прычынай паслужыла тое, што непадалёку вёскі Багданава быў скрадзены провад. Злодзея ўдалося адшукаць, як гаворыцца, па гарачых слядах. Ім аказаўся жыхар Багданава 1992 года нараджэння. Знайшліся і 1,58 кіламетра зніклага алюмініевага дроту. Хлопец затрыманы і знаходзіцца пад вартай.

УЗБРОЕНЫ І НЕБЯСПЕЧНЫ

Позна ноччу ў “дзяжурку” патэлефанавала спалоханая жанчына і паведаміла, што муж збіраецца яе забіць. Па трывожным званку міліцыя выехала без затрымкі. Сапраўды, мужчына ў стане алкагольнага ап’янення спачатку абражаў жонку, потым адных брыдкіх слоў дэбашыру падалося мала, і ён ухапіўся за сякеру, пачаў ёй размахваць і пагражаць жонцы смерцю. Сямейны агрэсар арыштаваны і заключаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий