Прафесіяналы, што “робяць” надвор’е

Прафесіяналы, што робяць надвор'е

Навыкі спецыялістаў, якія кожны дзень дзяжураць у раённай метэастанцыі, па-сапраўднаму эксклюзіўныя і настолькі спецыфічныя, што іх немагчыма прымяніць на іншай рабоце. Але ж пакідаюць сваю службу гэтыя людзі вельмі рэдка. Згодна са статыстычнымі данымі, за 60 гадоў існавання арганізацыі ў яе штаце налічвалася толькі 40 чалавек. Гэта значыць, звальненне з работы адбываецца ў асноўным пры выхадзе на заслужаны адпачынак.

Пачатак гісторыі станцыі ў далёкім 1944 годзе. Адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Валожын са Смаленска прыбыла спецыяліст-метэаролаг Аляксандра Пятроўна Ісіна. Менавіта гэтай жанчыне было даручана стварыць у райцэнтры службу па нагляданні за ўмовамі надвор’я. Аляксандра Пятроўна стала першым кіраўніком. Змяніў яе Іван Іванавіч Анушэўскі, які 40 гадоў аддаў любімай справе. Пазней арганізацыю ўзначаліла яго жонка Вера Сямёнаўна. У той час, калі яны пачыналі сваю прафесійную дзейнасць, у Беларусі не было ніводнай навучальнай установы, якая б рыхтавала спецыялістаў падобнага профілю. Таму муж і жонка Анушэўскія набывалі адукацыю ў Растове-на-Доне. Некаторыя з іх паслядоўнікаў ездзілі вучыцца ў Маскву. Дзеючы – 4-ы – кіраўнік службы Сяргей Аляксандравіч Трус – выпускнік гідраметэаралагічнага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу.

У гэтым калектыве цудоўныя традыцыі. Кожнае пакаленне супрацоўнікаў стараецца пераняць ад старэйшых калег як мага больш ведаў, а тыя шчодра дзеляцца вопытам з моладдзю. Шмат зрабілі для развіцця службы Станіслава Іванаўна Гарасюк, Ядвіга Кастанцінаўна Бітэль, Ірына Вікенцьеўна Рагачэвіч, Надзея Мікалаеўна Моніч. Дзякуючы зладжанай рабоце, калектыў пастаянна адзначаецца граматамі і дыпломамі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У 2013-м Валожынская метэастанцыя была прызнана лепшай у краіне.

Сённяшнім метэаролагам, як і ўсім сучасным людзям, спадручней працаваць з тэхнікай. Пакаленне пачынальнікаў з безумоўнай павагай ставіцца да тэхнічных навінак, аднак спецыялісты са стажам не забываюць нагадваць моладзі не прымяншаць важнасць візуальных назіранняў за прыроднымі з’явамі. Галоўнае – правільна суадносіць іх з паказчыкамі прыбораў. Дарэчы, усяго ў рэспубліцы 48 метэастанцый. Каля 90% з іх маюць аўтаматызаванае абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць інфармацыю адразу з манітора камп’ютара, аднак, калі за акном моцны вецер, галалёд, туман, іншыя надзвычайныя ўмовы, неабходны асаблівыя вымярэнні і прывядзенне іх у парадак з дапамогай спецыяльных кодаў.

Метэаролаг ніколі не скажа “градуснік”, толькі “тэрмометр”; не будзе выкарыстоўваць слова “хмара”, іх тэрмін  –  “аблокі”. А вось пра прыгожыя “белыя караблікі”, якія мы штодзённа назіраем у небе, супрацоўнікі станцыі могуць расказваць гадзінамі. “Кумуланібус кальвус” – толькі гэтыя пышныя субстанцыі нясуць нам навальніцу і могуць праліцца ліўневым дажджом, “кумулюс кангенсус” могуць даць адзінкавыя кроплі ападкаў, а “кумулюс медыёкрыс” – самыя звычайныя аблокі, з якіх ніколі не пойдзе дождж. Дарэчы, тыя ападкі, што мы па звычцы называем градам, на самай справе не заўсёды град. Калі тэмпература паветра нізкая, хутчэй за ўсё на нас сыплецца снежнае зерне ці крупы, калі ж на дварэ цёпла – можам назіраць сапраўдны град. Цікавай інфармацыяй па назіранні за аблокамі падзялілася Вера Сямёнаўна Анушэўская: “Раней існаваў шарапілотны метад вымярэння адлегласці аблокаў ад зямлі. Спецыяліст з секундамерам у руках сачыў за палётам чорнага шара, надзьмутага спецыяльнай сумессю газаў, пакуль той не знікаў з поля зроку. Самымі цікавымі былі начныя назіранні. Да шара падвешваўся папяровы ліхтар са свечкай. Пазней гэтыя вымярэнні сталі праводзіць з дапамогай пражэктара. Зараз усё значна прасцей: ёсць лазерны прамень і камп’ютар”.

Усяго ў штаце арганізацыі шэсць чалавек. Галіна Вітальеўна Венславовіч – інжынер-аграметэаролаг. У яе абавязкі ўваходзіць збор звестак аб стане глебы, тэрмінах усходаў і своечасовае суаднясенне гэтых даных з тэмпературнымі ўмовамі ў адпаведныя перыяды. Валянціна Андрэеўна Родзевіч, Данута Уладзіміраўна Шакун, Наталля Фадзееўна Жылевіч і Аляксандр Вацлававіч Венславовіч – тэхнікі-метэаролагі, якія суткамі дзяжураць на рабочым месцы. Ад іх пільнага позірку прырода не схавае ніводнага са сваіх капрызаў.

Апантаныя рэдкай прафесіяй людзі ўпэўнены – іх работа самая рамантычная ў свеце. Яны ўмеюць “чытаць неба”, для іх снежнае покрыва, абледзяненне, іней, гром, лівень – не проста прыродныя з’явы, а інфармацыя “нябеснай канцылярыі”, што патрабуе наглядання, апрацоўкі, шыфроўкі і далейшай перадачы ў гідрамет.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Прафесіяналы,-што-робяць-надвор'е

Вера Сямёнаўна АНУШЭЎСКАЯ, Станіслава Іванаўна ГАРАСЮК, Галіна Вітальеўна ВЕНСЛАВОВІЧ, Сяргей Аляксандравіч ТРУС, Данута Уладзіміраўна ШАКУН.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars