Славутыя асобы Валожыншчыны

    Мая Беларусь… Не голас, сэрца вымаўляе гэтыя словы з любоўю, з гонарам, з душэўнай пяшчотай. Тут наша мінуўшчына, тут нашы карані, тут напеўная родная мова. Тут жывём мы!

    Каб любіць сваю родную зямлю, трэба ведаць яе гісторыю, геаграфію, звычаі, традыцыі – усё тое, што завецца спадчынай. Але галоўны наш скарб – людзі. У першую чаргу гэта асобы, якімі землякі ганарацца асабліва. Ёсць такія і на Яршэвіцкай зямлі. Я хачу расказаць жыхарам раёна пра трох выхадцаў з нашай малой радзімы, трох навукоўцаў, што напружана працуюць кожны ў сваёй галіне, уносячы важкі ўклад у развіццё краіны. У год навукі гэты аповед будзе дарэчы…

Унучак-А.-У.

УНУЧАК Андрэй Уладзіміравіч

Нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Яршэвічы. Яго бацькі, былыя настаўнікі, зараз жывуць у Манькаўшчыне. Хлопчык з маленства праяўляў здольнасці да навукі, скончыў школу з залатым медалём, а пазней гістарычны факультэт БДУ з чырвоным дыпломам. Затым былі магістратура, аспірантура… У 2005 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Сёння Андрэй Уладзіміравіч – аўтар больш за паўсотню навуковых работ, прысвечаных гістарычнай тэматыцы. У 2014 годзе ён стаў лаўрэатам прэміі для маладых вучоных імя В. Ф. Купцэвіча Нацыянальнай акадэміі навук.

Зараз наш зямляк працуе загадчыкам аддзела гісторыі Беларусі новага часу Інстытута гісторыі НАН. Акрамя навуковай дзейнасці займаецца творчай работай. Малады літаратар – аўтар гістарычнай п’есы “Біблія князя Радзівіла”, дзеянне якой адбываецца ў Вялікім княстве Літоўскім у ХVI стагоддзі. Галоўны герой – канцлер Мікалай Радзівіл Чорны. Прэм’ера спектакля адбылася на сцэне тэатра беларускай драматургіі. Аўтар пастаноўкі – лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі, рэжысёр Павел Харланчук. Ужо ў бягучым годзе пад рэдакцыяй А. Унучака выйшла кніга Уладзіміра Русецкага “Пастар Станіслаў Нядзьвецкі і евангельскае прабуджэнне на паўночным захадзе Беларусі”. Гэта навуковае даследаванне біяграфіі незвычайнага чалавека, жыццё і дзейнасць якога звязаны з Маладзечаншчынай, Валожыншчынай, Вілейшчынай. А. У. Унучак з’яўляецца адным з арганізатараў Міжнародных навуковых канферэнцый: “Паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне: гісторыя і памяць”, “Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага), “Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч”. Матэрыялы канферэнцый выдадзены асобнай кнігай.

А. У. Унучак шмат вандруе па свеце. Ён прымаў удзел у міжнародных гістарычных мерапрыемствах у Польшчы, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Літве, Кіргізіі, Расіі. Яго імя часта можна бачыць на старонках СМІ рэспублікі. Часцей за ўсё ён выступае адным з аўтараў часопісаў “Полымя”, “Беларуская думка”. Маштабны тэлепраект “Адваротны адлік” таксама праходзіць з удзелам гісторыка. Неаднаразова ўдзельнічаў у здымках круглага стала “Мінск і Міншчына”. Выдатныя арганізатарскія здольнасці і працалюбства дазваляюць маладому вучонаму паспяхова сумяшчаць навуковую, літаратурную работы з выкладчыцкай дзейнасцю.

Янушкевіч-В.-Ф.

ЯНУШКЕВІЧ Віктар Францавіч

Яшчэ адзін навуковец, якога выпусціла ў свет наша Валожыншчына. Яго малая радзіма – вёска Адамоўцы. Менавіта тут, у сям’і настаўнікаў у 1963 годзе нарадзіўся будучы таленавіты інжынер-радыёэлектроншчык. Скончыўшы Яршэвіцкую школу з залатым медалём, Віктар стаў студэнтам Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Пасля заканчэння ВНУ працаваў рэгуліроўшчыкам апаратуры, начальнікам лабараторыі на заводзе “Вымяральнік” у Наваполацку, а пасля –  выкладчыкам Наваполацкага політэхнічнага інстытута, выкладаў электроніку ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, быў загадчыкам кафедры электронікі. З 2004 года – дацэнт таго ж універсітэта. У 2015 годзе В. Ф. Янушкевіч узнагароджаны нагрудным знакам полацкага дзяржуніверсітэта.

Зараз Віктар Францавіч – дактарант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Ён – аўтар 123 навуковых работ, у тым ліку падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў па інфарматыцы і радыёэлектроніцы. У 2016 годзе адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта за навуковае кіраўніцтва студэнцкімі работамі на рэспубліканскім конкурсе. З чатырох прадстаўленых работ дзве атрымалі Дыпломы I ступені, адна –  II ступені і яшчэ адна – III ступені. У намінацыі “Выкладчык года” В. Ф. Янушкевіч заняў 2-е месца. За добрасумленную працу па падрыхтоўцы маладых навукоўцаў выкладчык неаднойчы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі ВНУ, у якіх працаваў, і Міністэрства адукацыі.

Басецкі-І.-І.

БАСЕЦКІ Іван Ігнатавіч

(Янка Валожынскі)

Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафесар, намеснік начальніка па навуковай рабоце Акадэміі міліцыі МУС, палкоўнік міліцыі. Таленавіты чалавек нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Дзіцячыя гады прайшлі на хутары Кропаўшчына, што ля вёскі Люціна. Сваімі роднымі мясцінамі ён лічыць Манькаўшчыну, Урублеўшчыну, Падневічы, Пяршаі, Івянец, Валожын…

Пасля заканчэння васьмі класаў у Івянецкай сярэдняй школе Іван паступіў у будаўнічае вучылішча, набыў спецыяльнасць цесляра. Па размеркаванні прыйшлося ехаць аж у Валагодскую вобласць, дзе ў вячэрняй школе атрымаў сярэднюю адукацыю, адтуль жа быў прызваны ў войска. Пасля працаваў на Мінскім радыёзаводзе. У гэты ж час вучыўся на вячэрнім аддзяленні юрыдычнага факультэта БДУ.

З 1969 года І. І. Басецкі добрасумленна працуе ў органах унутраных спраў. Участковы інспектар, інспектар крымінальнага вышуку… Пазней стаў выкладчыкам кафедры аператыўна-вышуковай дзейнасці Вышэйшай школы МУС БССР, а яшчэ пазней начальнікам беларускага аддзялення Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі МУС СССР. У 1980 годзе абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам юрыдычных навук, дацэнтам. З 1988 года ён – намеснік начальніка Вышэйшай школы міліцыі (зараз Акадэмія МУС).

Асноўнымі кірункамі даследчай дзейнасці Івана Ігнатавіча з’яўляюцца тэорыя і гісторыя дзяржавы і права, тэорыя і практыка аператыўна-вышуковай дзейнасці органаў унутраных спраў, крыміналістыка, крымінальнае права, прафесійная этыка і псіхалогія. Шырокую вядомасць І. І. Басецкаму прынеслі работы па стварэнні прававой асновы дзейнасці органаў унутраных спраў у раскрыцці і расследаванні злачынстваў; распрацоўкі канцэптуальных мадэляў і канкрэтных законапраектаў, нарматыўных акцый, канцэпцый і дзяржаўных праграм барацьбы са злачыннасцю. Ім апублікавана  больш за 300 навуковых работ, ён аўтар сямі падручнікаў і мноства вучэбных, навукова-практычных дапаможнікаў. Трое з яго вучняў абаранілі доктарскія дысертацыі. Плённа працуе ён і як член Камісіі па правах чалавека, кансультатыўнага прававога савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, міжведамаснай камісіі па барацьбе са злачыннасцю і наркаманіяй Савета бяспекі.

Таленавіты вучоны-юрыст – часты госць на беларускім радыё і тэлебачанні. Яго артыкулы і вершы (на беларускай і рускай мовах) друкуюцца на старонках рэспубліканскай прэсы. У аўтарскай рэдакцыі выйшлі ў свет яго паэтычныя зборнікі “Старонка родная мая”, “Моя судьба”, “Ближний круг”, “Надеюсь, верю и люблю”. Тэматыка паэзіі самая розная: ад высокай патрыётыкі і філасофскіх роздумаў да сатыры і жартаў. Многія яго творы перакладзены на музыку вядомымі кампазітарамі А. Елісеенкавым, М. Сацурам, У. Буднікам, В. Разанавым. Сярод выканаўцаў гэтых песень – зоркі беларускай эстрады Надзея Мікуліч, ансамблі “Сябры”, “Песняры”, фальклорны гурт “Тутэйшая шляхта” і іншыя.

У адным са сваіх вершаў Іван Басецкі пісаў:

Вось такая наша зямля:

Зямля сыноў,

Зямля бацькоў…

Што даражэй для чалавека?

З усіх вышынь,

З усіх бакоў яна

Найлепшая спрадвеку!

 

    Цудоўна, што кожны з гэтых людзей, не зважаючы на пасады і званні, не цураецца сваіх каранёў. Яны з задавальненнем бываюць у родных мясцінах, сустракаюцца з вяскоўцамі. Кожны з іх шчыра аддадзены роднай Беларусі і сваёй малой радзіме. Наш маральны абавязак: ведаць і помніць імёны тых, хто складае гонар і славу роднага краю, чыё жыццё і служэнне абранай справе – жывая гісторыя.

 

Яніна СУША,

бібліятэкар Манькаўшчынскай сельскай бібліятэкі

Фотаздымкі прадастаўлены сваякамі герояў артыкула

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars