Сваіх у бядзе не кідаюць!

Общество

   Каб максімальна аператыўна і своечасова аказваць людзям юрыдычную дапамогу, Федэрацыя прафсаюзаў укараніла практыку рэгулярных прававых прыёмаў. У апошні чацвер кожнага месяца на прадпрыемствах і ў арганізацыях юрысты ФПБ будуць кансультаваць усіх жадаючых па працоўных і сацыяльна-эканамічных пытаннях, пенсійным і жыллёвым заканадаўствах.

У мінулы чацвер Валожыншчыну наведаў галоўны прававы інспектар працы сталічнага абкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Кірыл Мікалаевіч Азаранка. З грамадзянамі ён сустракаўся ў сельгасліцэі і ў кабінеце старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорскай. Пытанні, якія хвалявалі наведвальнікаў, датычыліся аплаты працы, састаўлення Калектыўных дагавораў, размеркавання маладых спецыялістаў.

Кірыл Мікалаевіч ужо паспеў зарэкамендаваць сябе ў нашым раёне як дасведчаны юрыст і прынцыповы абаронца інтарэсаў членаў прафсаюза. Не так даўно ў судзе Валожынскага раёна разглядалася грамадзянская справа па іску да аднаго з прыватных прадпрыемстваў Ракава, якое “грашыць” тым, што затрымлівае выплаты зарплаты. Пакуль юрыст прафсаюза як прадстаўнік істца не ўмяшаўся, разгляд справы зацягнуўся – прайшло 8 судовых пасяджэнняў, а рашэння ўсё не было.

Адказчык павінен быў выплаціць зарплату за тры месяцы, аплаціць усе дні вымушанага прагулу, кампенсаваць маральны ўрон, зрабіць разлік па адпускных, пакрыць дарожныя расходы істца, а таксама выправіць у Працоўнай кніжцы запіс аб незаконным звальненні. Спатрэбіліся яшчэ 4 судовыя пасяджэнні, але пацярпелы праўды дабіўся. Агульная сума выплат на яго карысць склала 2200 рублёў.

У выпадку калі б гэты чалавек не быў членам прафсаюза, хутчэй за ўсё, сваю пазіцыю ён наўрад ці змог адстаяць, хоць закон і быў на яго баку. Яму нашкодзіла б юрыдычная недасведчанасць.

Вядома, што паслугі адваката каштуюць нятанна, а вось інтарэсы члена прафсаюза юрысты арганізацыі будуць абараняць бясплатна. Так што скептыкам, якія ўсё яшчэ з недаверам ставяцца да прафсаюзнага руху, ёсць прычына перагледзець свае погляды.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий