Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

Па традыцыі кіраўнікі і прадстаўнікі нацыянальных аб’яднанняў, якія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, пад эгідай упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей прынялі ўдзел у пасадцы лесу.

Акцыя прайшла 15 красавіка, яна была прымеркавана непасрэдна да Тыдня лесу. Апошнія некалькі гадоў дрэўцы высаджваюць на тэрыторыі нашага раёна. Прадстаўнікі рускай, чувашскай, нямецкай, карэйскай, польскай, украінскай і малдаўскай дыяспар высадзілі на тэрыторыі 0,8 гектара ў раёне вёскі Манькаўшчына, на паласе, прылеглай да новай ЛЭП, каля 5 тысяч маладых елачак. Кожны раз працоўны дэсант завяршаецца абедам за агульным сталом, які рыхтуе адна з дыяспар, і які яшчэ больш аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. На гэты раз свае нацыянальныя пачастункі прадставілі карэйцы.

 

    У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшоў вечар памяці Фердынанда Рушчыца, прысвечаны 120-годдзю яго мастацкай дзейнасці.

Менавіта ў 1897 годзе Рушчыц атрымаў дыплом Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу і вярнуўся на сваю радзіму ў Багданава. Мерапрыемства праводзілася па ініцыятыве Амбасады Польшчы ў нашай краіне і Нацыянальнага мастацкага музея. На вечарыне прысутнічалі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі сталіцы, студэнты мастацкіх ВНУ і каледжаў, першы намеснік пасла Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас, дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. Яе сцэнарый ствараўся сумеснымі намаганнямі старшыні раённага аддзела ГА “Польска Мацеж Школьна” Алы Макарэвіч і другога сакратара Пасольства Польшчы Эльжбеты Інеўскай. Ролю мастака выконваў рэжысёр РЦК Уладзімір Ціханоўскі, ролю аўтара “Дзённіка” – наш зямляк, студэнт Кірыл Макарэвіч, тэкст ад аўтара чытала вучаніца 11 класа СШ № 1 райцэнтра Насця Сафонава. Яшчэ адзін наш зямляк, вядомы паэт Віктар Шніп чытаў свой верш “Зямля Фердынанда Рушчыца”. Свой твор, прысвечаны знакамітаму мастаку, прачытала кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч. На ўрачыстасці прысутнічаў і таленавіты творца, адзін з братоў-перакладчыкаў “Дзённіка” Ф. Рушчыца на беларускую мову – Язэп Янушкевіч.

 

    Аддзел ЗАГС працягвае актыўна рыхтавацца да стагадовага юбілею сваёй службы.

Паціху збіраюцца вясельныя фотаздымкі розных гадоў. Самыя старыя фота датаваны 1920 годам, 1933-м, больш здымкаў 50-70-х гадоў. Пашыраецца спіс экспанатаў на выставу, якая пройдзе ў Мінску. Там ёсць ужо вясельная сукенка канца 30-х гадоў, вясельныя жаночыя туфлі 50-х гадоў. Яшчэ раз запрашаем жыхароў раёна падтрымаць нашых работнікаў ЗАГСа і перагледзець сямейныя архівы ў пошуках цікавай вясельнай атрыбутыкі.

 

    З пачатку года ў дамы-інтэрнаты агульнага тыпу Мінскай вобласці змешчаны 7 адзінокіх старых жыхароў раёна.

У любым выпадку пад наглядам спецыялістаў, сярод такіх жа адзінокіх сваіх равеснікаў там ім будзе значна лепш, чым сумаваць у адзіноце, а іншы раз, магчыма, у неацепленых дамах. Чаргі для накіравання ў дамы-інтэрнаты на дадзены момант няма.

 

    Для выхаванцаў аддзялення сацыяльнага прытулку ў дзіцячай бібліятэцы правялі краязнаўчае падарожжа “Скарбы Бацькаўшчыны”, прымеркаванае да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.

Работнікі бібліятэкі спачатку расказалі ім пра гісторыю валожынскага касцёла Святога Юзафа, які можна было ўбачыць з акна бібліятэкі. Затым прапанавалі паглядзець відэафільм пра касцёл Святой Тройцы ў Гярвятах і іншыя культавыя аб’екты Гродзенскай вобласці – касцёлы ў Солах, Варнянах.

 

    У сярэдзіне красавіка ў Лагойску прайшло першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2003-2004 гадоў нараджэння. Першае месца заваявалі гаспадары пляцоўкі – зборная Лагойска, другое месца – зборная нашага раёна, трэцяе – Нясвіжскага. Трэніруе каманду – Леанід Хвядчэня.

Па выніках спаборніцтваў тры ігракі запрошаны ў склад зборнай вобласці. Гэта вучні 8 “Б” класа гімназіі Яўген Шакун, Ігнат Шаргародскі і Максім Баркоўскі. Крыху раней у Нясвіжы прайшлі абласныя спаборніцтвы сярод юнакоў 2004-2005 гадоў нараджэння, якіх таксама трэніруе Л. Хвядчэня. У зборную вобласці адабраны вучні 6 “А” і 6 “Б” класаў гімназіі Даніла Калугін і Аляксей Яблонскі, вучань 6 “А” класа СШ № 1 райцэнтра Даніла Лужынскі.



Добавить комментарий