Правёў месяц на бязлюднай Прыпяці

Культура

    31 год назад на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа. Тады мала хто ўяўляў усю небяспеку радыяцыі. У ліквідацыі наступстваў аварыі прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспублік усяго былога СССР. Сярод іх і жыхары нашага раёна.

Цэлы месяц непасрэдна на рэактары працаваў наш зямляк, жыхар Дубіны, Віктар Васільевіч Саломка. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Узбалаць. Калі ў 1979 годзе хлопец закончыў школу, яго прызвалі ў армію. Служыў у хімічных войсках у Чэхаславакіі. Пасля таго, як вярнуўся дадому, стаў працаваць на мясцовым сельгаспрадпрыемстве механізатарам. Тое, што тэрміновую службу праходзіў у хімічных войсках, стала вызначальным фактам у далейшым лёсе мужчыны, калі адбылася чарнобыльская трагедыя.

Праз год пасля аварыі, 24 красавіка, у жыцці Віктара Васільевіча адбывалася значная падзея – вяселле. Ён жаніўся на самай прыгожай дзяўчыне ва ўсім наваколлі. Па заведзеных правілах свята доўжылася тры дні. А ў кішэні маладога ўжо ляжаў выклік у ваенкамат. У панядзелак 27 красавіка хлопцу загадалі праходзіць медкамісію для адпраўкі ў забруджаную радыяцыяй зону. В. В. Саломка быў прызваны на спецыяльныя ваенныя зборы па ліквідацыі паследкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Хлопец хваляваўся, толькі вяселле згулялі, не паспелі і тыдня разам пажыць, а тут трэба некуды ехаць. Жанчына з ваенкамата слухаць нічога не хацела. Яна з папрокам сказала: “А каб была вайна, ты таксама стаў бы гаварыць аб тым, што толькі ажаніўся?”

5 мая Віктар Васільевіч разам з дзевяццю іншымі хлопцамі з Валожынскага раёна адправіліся на 9 дзён на навучанне ў Бабруйск, а пасля – непасрэдна ў Чарнобыль. Родныя і блізкія праводзілі маладых людзей, сапраўды, як на вайну. Наш герой неахвотна ўспамінае падзеі таго часу, але відаць, што ў памяці захавалася кожная дробязь.

Жылі ліквідатары ў вёсцы ў 10 кіламетрах ад станцыі. Ніколі не забудзецца жудаснае пачуццё, якое адчуваў кожны, калі бачыў бязлюдныя вёскі, кінутыя людзьмі рэчы. Вакол было пекла, усё страшнае, рудое. Мужчынам давялося перакрываць дах на трэцім энергаблоку. Працавалі ў дзве змены па 5-6 чалавек: адна – з раніцы, другая – пасля абеду. Ехалі да Прыпяці ў спецыяльных машынах, абшытых знутры свінцовымі лістамі. Ужо на месцы ім выдавалі марлевыя павязкі, ахоўныя касцюмы, гумовыя пальчаткі і боты, лічылася, што гэта засцеражэ ад радыяцыі. Непасрэдна на даху знаходзіліся па 20 хвілін, затым мыліся, пераапраналіся і ехалі назад. Людзі дрэнна сябе адчувалі, балела галава, нудзіла, ацякалі ногі, але ўсё гэта спісвалі на ператамленне. За месяц Віктар Васільевіч і яго калегі набралі вялікую дозу, іх адправілі дамоў. На змену ім прыбылі прадстаўнікі Ленінградскай акругі.

Жыццё паступова ўваходзіла ў сваё рэчышча, але паследкі працы ліквідатарам давалі аб сабе знаць. Пачаліся праблемы са здароўем,  адразу сталі крышыцца зубы. Чатыры гады ў маладой сям’і не было дзяцей. Таму вельмі радаваліся, калі нарадзілася дачушка. Неўзабаве на свет з’явіўся і сынок. Цяпер яны дарослыя. Дачка сама ўжо стала мамай. Яна атрымала адукацыю, выйшла замуж і жыве ў Вілейцы. Сын закончыў Мар’інагорскі тэхнікум, вярнуўся дамоў на роднае сельгаспрадпрыемства, дзе займае пасаду інжынера па тэхніцы бяспекі. Бацька ганарыцца сваімі дзецьмі, чым можа, стараецца дапамагчы.

Віктар Васільевіч выйшаў на пенсію, але працягвае працаваць механізатарам, у калектыве карыстаецца заслужанай павагай. Заўсёды побач з ім любімая жонка Таццяна Валянцінаўна, якая даўно стала для мужа надзейным тылам.

Анжэла РАДЫНА

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий