У будучыню – з надзеяй

Официально

    “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця: у будучыню – з надзеяй” –

пад такой назвай 31-ы год крочыць па Беларусі сацыяльна-творчая праграма. Ладзіцца яна пры падтрымцы Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускага фонду міру. Традыцыйна яе яркія ўдзельнікі – зоркі беларускай эстрады – наведалі Валожыншчыну. Мерапрыемства прайшло ў Івянецкім гарпасялковым Доме культуры.

На працягу больш як трох дзясяткаў гадоў міжнародная сацыяльна-творчая праграма “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця: у будучыню – з надзеяй” з’яўляецца своеасаблівай стартавай пляцоўкай для юных талентаў. Галоўная яе мэта – выяўленне і падтрымка маладзёжных творчых аб’яднанняў, таленавітых дзяцей і падлеткаў з тых раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апрача Гомельшчыны, Магілёўскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей, міжнародны творчы марафон дойдзе да расійскіх і ўкраінскіх рэгіёнаў – Бранскай, Смаленскай і Чарнігаўскай абласцей.

Такім чынам, сёлета ў канцэртны тур па 29 раёнах Беларусі, Расіі і Украіны адправіліся многія знакамітыя артысты і калектывы. Івянчане, напрыклад, шчыра віталі на сваёй малой радзіме заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь, “залаты голас” легендарнага ансамбля “Верасы” Надзею Мікуліч, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў, таленавітага артыста-парадыста з Брэста Генадзя Санько, магістра мастацтваў Дзмітрыя Шуканава, а таксама энергічных, крэатыўных удзельнікаў поп-фолк гурта “Гуляй, Бульбаш!”.

Распачынаючы мерапрыемства, каардынатар праекта Кацярына Іванаўна Далідовіч паведаміла дастаткова сумную навіну: сёлетні “Чарнобыльскі шлях” апошні год праходзіць у звыклым для ўсіх фармаце. Пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС раёны артысты асабіста больш наведваць не будуць. Замест гэтага акцыя з назвай “У будучыню – з надзеяй” пашырыцца на ўсе рэгіёны, якія закранула катастрофа (а такіх 59), і прыме выгляд своеасаблівага кастынгу. У яе рамках будуць праводзіцца адборы творчых нумароў на мясцовым узроўні, з лепшымі юныя канкурсанты выступяць у абласцях, дзе і будуць вызначаны ўдзельнікі фінальнага рэспубліканскага канцэрта. Тым не менш, мэты сацыяльна-творчай праграмы застаюцца нязменнымі. “Нам трэба вырасціць такое пакаленне, якое б разумела і шанавала пакінутую папярэднікамі спадчыну, цаніла мір і ўсімі сіламі імкнулася не дапусціць тэхнагенных катаклізмаў, – адзначыла Кацярына Далідовіч. – Будучыня, як вядома, – за дзецьмі, а таму мы па-ранейшаму першачаргова будзем падтрымліваць нашых маленькіх творцаў”.

Непасрэдна канцэртная праграма складалася з двух этапаў. У першым перад івянчанамі і гасцямі мерапрыемства выступілі маладыя таленты нашага раёна. Тон мерапрыемству задаў танцавальны калектыў “Экспрэсія” Івянецкага ГПДК з “Паланезам”. Цікава было назіраць, як апранутыя ў касцюмы XVIII стагоддзя хлопчыкі і дзяўчынкі (прабачце, кавалеры і дамы) паважна вядуць партыі, выконваюць піруэты, бездакорна ствараючы на сцэне складаны харэаграфічны малюнак. Таму і не дзіва, што ім дастаўся шквал апладысментаў. Выхаванец Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця Жэня Баешка парадаваў гледачоў цудоўнай песняй свайго цёзкі Яўгена Хаменкі “Святой Беларусі зямля”. Перад залай выступілі таксама вучаніца Івянецкай СШ Карына Макась з песняй “Анёлы дабра”, навучэнка мясцовай школы мастацтваў, акардэаністка Таццяна Шашчук і юная вакалістка Дар’я Падгоранка.

А пасля справы ўзялі ў свае рукі прафесіяналы. Гурт “Гуляй, Бульбаш!”, які ўпершыню выступаў перад івянчанамі, прадэманстраваў не толькі выдатную пластыку і цудоўнае валоданне галасамі (як-ніяк, а гэты калектыў “адгалінаваўся” ад шырока вядомых у рэспубліцы “Харошкаў”), але і артыстызмам, уменнем працаваць з залай. У выкананні непараўнальнага Генадзя Санько прагучалі і шансон, і пародыя, і знакамітыя цірольскія напевы – ёдль. Дарэчы, гэты артыст – адзін з траіх чалавек на постсавецкай прасторы, што авалодалі тэхнікай такіх спеваў. Парадаваў выканальніцкім майстэрствам ураджэнец лельчыцкай зямлі Дзмітрый Шуканаў, а выступленне Надзеі Мікуліч, якое было прызапашана на канец мерапрыемства, і ўвогуле выклікала шчырыя, непрытоеныя авацыі: песні, якімі артыстка дзялілася з залай, былі не толькі вядомыя кожнаму тут прысутнаму, але і блізкімі па душы.

Паводле рашэння журы, ад нашага раёна далейшы ўдзел у конкурсе прымуць танцоры “Экспрэсіі”, Яўген Баешка і Даша Падгоранка. Спадзяёмся, гэта магчымасць дазволіць нашым зорачкам ярка заззяць на творчым небасхіле цэлай краіны…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

У-будучыню---з-надзеяй.-Фота-1.-Д.-Шуканаў

Выступае Дзмітрый ШУКАНАЎ.

У-будучыню---з-надзеяй.-Фота-2.-Д.-Падгоранка

Дар’я ПАДГОРАНКА – адна з фіналістаў сёлетняга конкурсу.

У-будучыню---з-надзеяй.-Фота-3.-Я.-Баешка

Івянчанін Яўген БАЕШКА падарыў слухачам цудоўны настрой.

У-будучыню---з-надзеяй.-Фота-4.-Н.-Мікуліч

Заўжды абаяльная Надзея МІКУЛІЧ.

У-будучыню---з-надзеяй.-Фота-5.-Калектыў-Экспрэсія

Экскурс у часы моды на парыкі і паланезы правёў калектыў «Экспрэсія» Івянецкага ГПДК.



Добавить комментарий