Абмяркоўваем Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА,

старшыня раённага выканаўчага камітэта:

– У Пасланні Прэзідэнт закрануў тэмы, блізкія кожнаму жыхару Беларусі, акрэсліў задачы на будучыню. Вялікая ўвага нададзена эканамічнаму развіццю краіны. Як зазначыў кіраўнік дзяржавы, менавіта трывалая, канкурэнтаздольная эканоміка з’яўляецца асновай нашага суверэнітэту.

Прэзідэнтам пастаўлены задачы па нарошчванні экспарту, пашырэнні рынкаў збыту, прыцягненні інвестыцый. Але выхад на новы ўзровень магчымы пры ўмове, калі кожны з нас будзе ўносіць пасільную лепту ў агульную справу. Сельская гаспадарка – адна з асноўных галін эканомікі. Сёння ў аграпрамысловым комплексе раёна праводзіцца інтэнсіўная пасяўная кампанія. Шмат у чым ураджай бягучага года, а значыць, і даходы гаспадарак будуць залежаць ад таго, наколькі зладжана спрацуюць калектывы. Гэта дазволіць нам выканаць даручэнне кіраўніка дзяржавы па павелічэнні заработнай платы і палепшыць узровень жыцця людзей. Мы разумеем, што дабрабыт людзей, забяспечанасць насельніцтва прадуктамі харчавання – наша асноўная задача.

Як кіраўніка раёна мяне не могуць не хваляваць і праблемы сельскіх жыхароў. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі вялікая ўвага надаецца развіццю вёскі, і ў першую чаргу аграгарадкоў, цэнтральных сядзіб гаспадарак. Пры вырашэнні пытанняў аб закрыцці школ, дамоў культуры, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, падыход павінен быць выключна індывідуальны. Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што чалавечы капітал з’яўляецца самай высокай каштоўнасцю. Гэта інвестыцыі ў будучыню. На гэта і будзем трымаць арыенцір.

 

Іван Станіслававіч Маркевіч,

дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь, дэпутат Парламенцкага сходу

Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі:

– У Пасланні закрануты ўсе аспекты жыцця грамадства: адкрыта, даверліва, канкрэтна. Мы яшчэ раз упэўніліся, што кіраўнік дзяржавы вельмі перажывае за наш народ, краіну, за кожную сям’ю і ў цэлым за ўсіх нас. А. Р. Лукашэнка спыніўся на пытаннях Еўразійскага эканамічнага саюза, рыначнай эканомікі, экспарту, узроўню даходаў і заработнай платы. Адным з галоўных аспектаў з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва. У нашым грамадстве ёсць людзі, якія звыкліся існаваць за кошт іншых. Але ў жыцці варта разлічваць на сябе, свае сілы, свой розум.  Краіна павінна быць гарантам бяспекі, стабільнасці, павінна забяспечыць работай і рабочым месцам. А чалавеку трэба вызначыцца і працаваць, каб у далейшым прыносіць карысць краіне, грамадству, сваёй сям’і і самому сабе.

Безумоўна, ёсць праблемы з працаўладкаваннем, асабліва ў невялікіх гарадах, дзе няма буйных прамысловых прадпрыемстваў. Аднак вакансіі ёсць. Можа і не з вялікім заробкам, але варта, нарэшце, зразумець, што зарплату трэба зарабіць – працаваць старанна, адказна, добрасумленна, праяўляць сябе, паказваць свой патэнцыял. Кожны наймальнік цэніць спецыяліста-прафесіянала, і заахвочвае, і падтрымлівае матэрыяльна. Працавітыя людзі заўсёды былі і будуць у пашане.

 

Вераніка Віктараўна ЗАГОРСКАЯ,

старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

– Асабліва адзначыла тыя моманты, якія датычацца сацыяльнай абароны насельніцтва. Прэзідэнт звярнуў увагу на праблему занятасці грамадзян, перш за ўсё неканкурэнтаздольных на рынку працы, на працэс перапрафілявання стратных вытворчасцей, але пры гэтым самае важнае – захаванне кваліфікаваных кадраў.

Не можа не радаваць і тое, што ў бліжэйшы час будуць створаны 50 тысяч дадатковых рабочых месц, якія разлічаны менавіта на моладзь, на развіццё новых прагрэсіўных тэхналогій. Таксама Прэзідэнт даручыў адпаведным органам перагледзець сістэму аплаты працы маладых спецыялістаў. Безумоўна, тое, што малады работнік, які па размеркаванні прыйшоў на вытворчасць, атрымлівае зарплату ў два-тры разы меншую, чым яго старэйшыя таварышы, у якіх ужо ёсць і стаж, і выслуга, і іншыя даплаты-надбаўкі, не садзейнічае замацаванню яго на першым рабочым месцы. Маладым жа трэба станавіцца на ногі, ствараць сем’і – а як гэта зрабіць з невялікай зарплатай? Пасля не дзіўна, што пры першай магчымасці яны стараюцца знайсці большы заробак, а працоўныя калектывы “старэюць”. Зразумела, вопыт у любой справе мае вялікае значэнне, але маладая энергія, ідэі, здаровыя амбіцыі – гэта рухавік прагрэсу. Лепш за ўсё, калі ў працоўным калектыве ёсць пераемнасць пакаленняў.

 

Алена Іванаўна КЛАЧКО,

дырэктар ДУА “Гімназія № 1 г. Валожына”,

старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:

– У Пасланні важная роля адводзіцца навуцы, працэсам інфарматызацыі. Сёлета ў гімназіі рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект па фарміраванні чытацкай кампетэнтнасці вучняў сродкамі сеткавага анлайн-узаемадзеяння. У перспектыве падключымся да рэалізацыі праекта “Электронная школа”, з верасня 2017 года плануем увядзенне электронных дзённікаў. Актыўна займаемся дыстанцыйнымі формамі павышэння кваліфікацыі педагогаў.

Людзі – аснова нашай дзяржавы. Клопат пра кожнага грамадзяніна, сацыяльная падтрымка насельніцтва, рэалізацыя сацыяльна арыентаваных праграм заўсёды былі галоўнымі для нашага Прэзідэнта. Ключавымі яны сталі і на гэты раз.  Беражлівыя адносіны да працоўных рэсурсаў, якія запатрабаваны ў краіне, падтрымка маладых і шматдзетных сем’яў, клопат пра ветэранаў вайны і працы сугучныя асноўным арыенцірам РГА “Белая Русь”. Паколькі 68 працэнтаў раённай арганізацыі “Белай Русі” складаюць настаўнікі, пытанні адукацыі хвалююць іх у большай ступені. Сапраўды, патрабуюць перагляду і карэкцыі некаторыя вучэбныя праграмы, педагагічная і бацькоўская грамадскасць заклапочаны выкладаннем вучэбнага матэрыялу ў навучальных дапаможніках. Таму настаўнікі непасрэдна ўдзельнічаюць у распрацоўцы новых падручнікаў. У прыватнасці, Святлана Вітольдаўна Федарака – настаўніца-метадыст геаграфіі гімназіі, з’яўляецца рэцэнзентам новага падручніка па геаграфіі для 7 класа і геаграфічнага атласа для вучняў 10 класа.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars