Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

З красавіка бягучага года ўстаноўлены гібкія тарыфы на некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі.

У сувязі з павышаным попытам на карыстанне лазняй у Валожыне з 3 красавіка зменены цэны на квіткі для некаторых катэгорый наведвальнікаў. Цяпер для інвалідаў усіх груп мыццё ў лазні ў любы дзень каштуе 4 рублі замест ранейшых 5,50. Для пенсіянераў і дзяцей да 16 гадоў ільготным днём вызначана пятніца. У гэты дзень квіток у агульнае аддзяленне лазні і ў душавую каштуе 5 рублёў.

    Як паведамлялася раней, з 1 красавіка ад Валожынскага раённага спажывецкага таварыства ў самастойную юрыдычную адзінку выдзелена новае ўнітарнае прадпрыемства “Валожынгандаль”.

Яно створана на базе магазіна “Будаўнік” у райцэнтры, што знаходзіцца на вуліцы Савецкай, 85. На працягу месяца крама напаўнялася таварамі. Цяпер тут можна набыць шыфер, цэмент, піламатэрыялы, разнастайныя металічныя вырабы, будаўнічыя сумесі, шпалеры, карнізы, ламінат і многае іншае, што спатрэбіцца падчас будаўнічых і рамонтных работ. Завезены мангалы, арэлі. Тут гандлююць таксама халадзільнікамі, газавымі плітамі, пральнымі машынамі. Цэны пастараліся зрабіць ніжэй за рыначныя. Пакупнікам прадастаўляюць растэрміноўку плацяжоў на 3 месяцы, растэрміноўку Белаграпрамбанка – да 5-і месяцаў. Калі адначасова набываецца тавараў на суму звыш 200 рублёў, то пакупнікам робіцца 10-працэнтная скідка.

 

    З 30 красавіка па 11 мая ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” на Нарачы праходзіць профільная змена “Юных інспектараў дарожнага руху”.

Наш раён прадстаўляе зборная каманда з васьмі чалавек, сфарміраваная з вучняў гарадскіх школ, пад назвай “Святлафор”. Камандзір атрада – васьмікласнік СШ № 1 Павел Курзянкоў. Непасрэдна падчас змены ў лагеры пройдуць 45-ы злёт юных інспектараў дарожнага руху і спаборніцтвы.

 

У апошнія дні красавіка ў мінскім Палацы спорту праходзіла міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш “Паляванне і рыбалоўства. Вясна-2017”.

Ад нашай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў на выставе былі прадстаўлены два трафеі, здабытыя членам арганізацыі Сяргеем Паўлавічам Малічам. Гэта рогі казулі, якія ў 2015 годзе атрымалі на выставе сярэбраны медаль, а ў 2016 годзе – бронзавы.

 

У мінулы чацвер дзесяцікласнікам валожынскай СШ № 1 разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры А. А. Макарэвіч пашчасціла пабываць у мінскім тэатры юнага гледача на спектаклі “Вішнёвы сад” па п’есе А. П. Чэхава.

Гэта быў першы дзень гастроляў Кіеўскага ТЮГа на Ліпках, які не выступаў у нашай сталіцы дзесяць гадоў. Менавіта ў гэтыя дні школьнікі праходзілі па праграме дадзеную п’есу Чэхава, па якой ім давядзецца пісаць сачыненне. Перад спектаклем старшакласнікі наведалі таксама Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

 

Каманда хлопчыкаў 2005-2006 гадоў нараджэння «ФАЦ “Надзея”» выйшла ў “Фінал чатырох” дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі Рэспублікі Беларусь.

Фінальныя гульні пройдуць у Мінску 19-21 мая. Спаборніцтвы праходзілі ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці і сабралі 14 каманд, якія былі падзелены на дзве падгрупы. Наша каманда спрачалася за выхад у фінал са сваімі равеснікамі з Мінска (дзве каманды), Гродна, Ліды, Бярозы і Маладзечна. У фінале сустрэнуцца каманды Валожына, Мінска, Гродна і Віцебска.

 

    22 красавіка ў Доме польскім у Івянцы прайшла традыцыйная Велікодная сустрэча членаў мясцовага аддзялення ГА “Саюз палякаў на Беларусі”.

Па ўласным жаданні сюды прыйшлі людзі пераважна старэйшага ўзросту, сярод якіх выдзяляўся ініцыятыўны, энергічны 80-гадовы Альфонс Станіслававіч Жалток. За святочным сталом разам частаваліся велікоднымі прысмакамія, яйкамі, пілі гарбату і спявалі абрадавыя песні. А яшчэ – абменьваліся навінамі, выказвалі свае думкі, меркаванні, строілі планы. Такія сустрэчы збліжаюць членаў арганізацыі.



Добавить комментарий