У гонар Канстанціна Паплаўскага

У-гонар-Канстанціна-Паплаўскага-1

26 красавіка ў Івянцы адбыўся III адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Канстанціна Паплаўскага, прымеркаваны да 105-годдзя з дня нараджэння нашага знакамітага земляка.

Удзел у ім прынялі 170 юных музыкантаў. Гэта салісты і інструментальныя ансамблі з 23 школ мастацтваў і сярэдніх школ з музычным ухілам з усіх рэгіёнаў Міншчыны. З кожным годам жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе становіцца больш. Вучні школ мастацтваў раёна выдатна паказалі сябе.

Сёлета ў творчых спаборніцтвах была ўведзена новая намінацыя “Вакальнае выкананне”. 1-е месца ў ёй падзялілі вакальны ансамбль з Ракаўскай ДШМ “Іслачанка” пад кіраўніцтвам Ю. В. Скурко і ўзорны аматарскі калектыў-ансамбль народнай музыкі “Бараўлянская крынічка” з Бараўлян. Сярод сольных выканаўцаў 2-е месца заняла Мар’яна Бараноўская з Ракава, яе рыхтавала таксама Ю. В. Скурко.

У намінацыі “Інструментальнае выкананне” 2-е месца заняла Святлана Балабан з Ракаўскай школы мастацтваў. Яна ўразіла сваёй ігрой на цымбалах і журы, і гледачоў. Вучыць яе К. В. Сеніна. 3-е месца журы прысудзіла цымбалістцы Вікторыі Гаспарэвіч, якой у Валожынскай ДШМ выкладае А. Л. Кліменкова.

У рабоце журы прынялі ўдзел педагогі Маладзечанскага каледжа імя М. К. Агінскага, дырэктар Валожынскай ДШМ А. В. Язерскі, дырэктар Ракаўскай ДШМ Ю. А. Мякінка і настаўнікі Івянецкай ДШМ К. А. Бібік і Л. А. Нядзвецкая.

Кожны ўдзельнік конкурсу атрымаў грамату, значок удзельніка і памятны сувенір, іх вырабілі выхаванцы Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам С. М. Зайлянковай.

У сувязі з юбілейнай датай з дня нараджэння Канстанціна Паплаўскага ў Івянецкай школе мастацтваў адбылася яшчэ адна значная падзея. Рашэннем Валожынскага райвыканкама ад 12 красавіка ўстанова стала насіць імя гэтага выдатнага беларускага дзеяча. Новая шыльда падчас фестывалю-конкурсу ва ўрачыстай абстаноўцы была замацавана на сцяне будынка школы мастацтваў.

Анжэла РАДЫНА

У-гонар-Канстанціна-Паплаўскага-1

У-гонар-Канстанціна-Паплаўскага-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars