Майстар вострага пяра

Общество

Учора Сямён Уладзіміравіч ЛОМАЦЬ адзначыў 88-ы год нараджэння, а сёння святкуе сваё прафесіянальнае свята – Дзень друку. Так атрымалася, што выпадковы выбар прафесіі стаў яго прызваннем і сэнсам усяго жыцця. Журналістыцы ён аддаў 35 гадоў працы, 20 з якіх быў рэдактарам нашай раённай газеты “Працоўная слава”. Член Саюза журналістаў СССР з 1967 года, журналісцкі псеўданім – Сямён Падгорны.

Пісаць пра майстра пяра няпроста і вельмі адказна, тым больш, калі ён быў тваім непасрэдным кіраўніком напачатку прафесійнага станаўлення. Але сёння, сама ўжо з’яўляючыся амаль што ветэранам раёнкі, магу з упэўненасцю сказаць, што Сямён Уладзіміравіч быў і журналістам, і кіраўніком ад Бога. У той час газету называлі чацвёртай уладай, а рэдактар лічыўся значнай асобай у раёне, у калектыве карыстаўся заслужаным аўтарытэтам: яго паважалі за высокі прафесіяналізм, разумнае кіраванне творчымі людзьмі, дзе кожны ўспрымае сябе як майстра слова, за інтэлігентнасць і тактоўнасць. Ён умеў так па-майстэрску, вельмі далікатна і акуратна выправіць рукапіс, каб не згубіўся сэнс напісанага і почырк аўтара. Наадварот, пасля тэкст быў толькі ў выйгрышы. А гэта сапраўдны талент!..

Родам С. У. Ломаць з аднайменнай вёскі Вішнева суседняга Смаргонскага раёна. Працоўны шлях распачаў у 1954 годзе, калі дэмабілізаваўся з арміі: уладкаваўся літработнікам у газету “Сталінскі шлях” Свірскага (цяпер Мядзельскага) раёна. За пяць гадоў працы ў рэдакцыі асвоіў прафесіі фотакарэспандэнта і карэктара. Пасля скасавання раёна непрацяглы час працаваў у Варапаеўскай газеце “Пастаўскі шлях”. Напачатку шасцідзясятых як здольнага і перспектыўнага маладога работніка яго накіравалі інструктарам у Мядзельскі райкам партыі, а адтуль – у Вышэйшую партыйную школу, па тым часе самую элітную навучальную ўстанову, якая давала выпускнікам грунтоўныя веды і з’яўлялася кузніцай кіраўніцкіх кадраў савецкай эпохі. Там Сямён Уладзіміравіч скончыў аддзяленне журналістыкі і быў прызначаны загадчыкам сельскай гаспадаркі ў Мядзельскую раённую газету.

Трэцяга верасня 1970 года С. У. Ломаць узначаліў Валожынскую газету і стаў шостым па ліку рэдактарам з моманту яе першага выхаду ў друк у кастрычніку 1939 года. З гэтага часу пачынаецца самы росквіт раёнкі, і паступова штогод павялічваецца колькасць падпісчыкаў. Так, пік папулярнасці ў насельніцтва “Працоўнай славы” прыйшоўся на 1990 год, калі яе тыраж складаў амаль 9,5 тысячы экзэмпляраў! Газета тады прыходзіла ў кожны дом, без яе не магла абысціся ні адна сям’я. У 1974 годзе за афармленне і паліграфічнае выкананне калектыў рэдакцыі быў названы лепшым у абласным конкурсе сярод раённых і аб’яднаных газет, а ў 1976-м за выдатную арганізацыю масавай работы Саюз журналістаў СССР прысудзіў валожынскай раёнцы адну з самых прэстыжных тады ўзнагарод – прэмію імя М. І. Ульянавай з уручэннем Дыплома I ступені.

У рэдакцыі ў тыя гады вялася мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы ўласных кадраў: існавала школа рабселькараў. Будучых спецыялістаў падбіралі з ліку школьнікаў на вёсцы, вучылі пісаць матэрыялы ў газету і давалі заданні, а пасля накіроўвалі на вучобу на аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Шмат працавалі і з мясцовымі пазаштатнымі аўтарамі, якія меліся ў кожным працоўным калектыве. У выніку перад выхадам на заслужаны адпачынак Сямёна Уладзіміравіча напрыканцы 1989 года рэдакцыя была поўнасцю ўкамплектавана журналісцкімі кадрамі. Таксама многія з былых рабселькараў сталі вядомымі журналістамі ў іншых газетах і нават на радыё.

…Амаль трыццаць гадоў С. У. Ломаць знаходзіцца на пенсіі, але заўсёды сочыць за сваім любімым выданнем, з’яўляецца яе галоўным рэцэнзентам і крытыкам. І калі заходзіць размова пра гады працы ў ёй, адразу ж ажывае і маладзее на вачах. Здаецца, ветэран журналістыкі гатовы зноў, як пяецца ў Песні журналістаў: “Трое суток шагать, трое суток не спать – ради нескольких строчек в газете, если снова начать, я бы выбрал опять бесконечные хлопоты эти…”

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий