Валожын без бар’ераў: абмеркаваны стратэгічны план, прызваны палепшыць якасць жыцця людзей з інваліднасцю

Общество

    На базе аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН адбылося пасяджэнне рабочай групы, што працуе над стварэннем плана мерапрыемстваў па паляпшэнні інфраструктуры, а таксама якасці сацыяльных і турыстычных паслуг у раёне.

План будзе рэалізаваны ў рамках праекта “Валожын без бар’ераў: умацаванне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг людзям з інваліднасцю”, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам пры падтрымцы райвыканкама, грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, Мясцовага фонду садзейнічання міжнароднаму дыялогу і супрацоўніцтву “Інтэракцыя”, грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”.

Стварэнне стратэгічнага плана, які б адпавядаў патрабаванням усіх зацікаўленых бакоў і без перашкод быў зацверджаны адпаведнай камісіяй Еўрасаюза, – справа складаная. Таму нядаўняй сустрэчы папярэднічалі трэнінгі з удзелам вопытных экспертаў, што праводзілі навучанне членаў ініцыятыўнай групы. Сумеснымі намаганнямі выяўлены асноўныя праблемы: адсутнасць безбар’ернага асяроддзя на аб’ектах сацыяльнай накіраванасці, культуры, турызму і на транспарце; недахоп вопыту і няведанне этыкі абслугоўвання людзей з інваліднасцю; недахоп інфармацыі аб попыце на інклюзіўны турызм. Быў прадстаўлены і праект будучага плана. Задачай прысутных стаў усебаковы разгляд кожнага пункта і яго зацвярджэнне з улікам заўваг і дапаўненняў. Праведзена карэкціроўка тэрмінаў рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў.

У абмеркаванні будучага глабальнага дакумента прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Глінскі, бухгалтар праекта Людміла Дубоўская, старшыня грамадскай арганізацыі “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, прадстаўнікі фонду “Інтэракцыя” на чале са старшынёй Ірынай Івановай, кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, гаспадары аграсядзіб Дзмітрый Наканечны, Аляксандр Сталярскі, Васіль Шакун, старшыня Валожынскай структуры беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, загадчыца дзённага аддзялення для маладых інвалідаў ТЦСАН Ларыса Шчарбачэвіч, псіхолаг Алена Жданюк, эксперт Міхаіл Пліско, старшыні абласной і раённай структур Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка і Віктар Субач.

“Развіццё і паляпшэнне якасці сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю і прадастаўленне гэтай катэгорыі грамадзян турыстычных паслуг нельга разглядаць паасобку”, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Ім жа была акрэслена пазіцыя мясцовай улады ў дачыненні да рэалізацыі плана: “Любая ініцыятыва, што прадугледжвае паляпшэнне якасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі, будзе падтрымана як на ўзроўні раёна, так і ў сельвыканкамах”.

У рамках праекта ў Налібоцкай пушчы ўжо створана экалагічная сцежка. Гэта толькі частка турыстычнага прадукту “Даступны Валожын”, што ў хуткім часе будзе дапоўнены рознымі відамі адпачынку для людзей з інваліднасцю. Пяць пастаўшчыкоў турыстычных  паслуг атрымаюць гранты з фонду праекта для адаптацыі сваіх аграсядзіб да патрэб мэтавай катэгорыі насельніцтва. Плануецца таксама адкрыццё турыстычна-інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра, дзе будуць размешчаны хостэл, канферэнцзала са спецыяльным абсталяваннем для людзей, якія дрэнна бачаць і чуюць. Цэнтр стане першай такой установай у нашай краіне.

Старшыня фонду “Інтэракцыя” Ірына Іванова – галоўны каардынатар праекта – падвяла вынік сустрэчы, падкрэсліўшы: “Валожыншчына – цудоўная пляцоўка для рэалізацыі такой сацыяльна значнай ідэі. Ёсць падтрымка з боку кіраўніцтва раёна, ініцыятыва гаспадароў аб’ектаў турызму, гатовыя турыстычныя маршруты. Стварэнне безбар’ернага асяроддзя – галоўны кампанент работы праекта. У гэтым зацікаўлены не толькі людзі з інваліднасцю, але і пажылыя грамадзяне, маладыя матулі з каляскамі, цяжарныя жанчыны, людзі, што часова абмежаваны ў магчымасцях, а таксама турысты –  як тыя, што маюць інваліднасць, так і здаровыя.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий