Першамай у кампаніі з аўталэдзі

Официально

    Адной з цудоўных традыцый веснавога свята, што добра ўпісалася ў сучаснасць, застаецца масавае гулянне на плошчах і ў скверах населеных пунктаў краіны.

Палітычныя мітынгі і шэсці даўно адышлі ў мінулае, а вось сённяшнія мерапрыемствы – актуальныя, цікавыя шырокаму колу грамадзян, напаўняюць сучасным гучаннем дзень, які па-ранейшаму з’яўляецца чырвонай датай беларускага календара.

Добрай падзеяй для жыхароў Валожына стаў конкурс “Аўталэдзі”. Ён, нягледзячы на невялікі, але ўсё ж нежаданы дождж, сабраў разам жыхароў райцэнтра 1 мая.

Удзельніц конкурсу і ўсіх, хто свой выхадны вырашыў правесці весела і з карысцю, вітаў старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка. Падтрымаць цікавую ідэю прыйшлі таксама намеснікі старшыні райвыканкама П. І. Бібік, А. В. Бразоўскі, А. М. Шыфрын, старшыня аб’яднанага прафсаюза В. В. Загорская.

Конкурс “Аўталэдзі” звычайна ладзіцца пад патранажам ГА “БРСМ”, таму арганізацыя яго ў першую чаргу лягла на плечы актывістаў раённага камітэта. Наталля Нямкевіч – першы сакратар – выступіла і ў якасці вядучай. Менавіта яна правяла працэдуру прадстаўлення членаў журы і ўдзельніц конкурсу. У якасці рэферы выступілі начальнік і спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Адамовіч і Ганна Канановіч, інспектар аддзялення ДАІ РАУС Леанід Гіль, інструктар Валожынскага ліцэя Віктар Комаль, інструктар ДАСААФ Аляксандр Машарыпаў.

Што тычыцца галоўных гераінь конкурсу, гэта, безумоўна, самыя смелыя і амбіцыйныя маладыя жанчыны, якім не даводзіцца пазычаць упэўненасці ў сабе, сваім майстэрстве кіраваць аўтамабілем і ўменні трымацца на публіцы. Прадпрымальнік Аліна Занямонец з аўтамабілем “БМВ”, загадчыца малочнатаварнай фермы “Ганчыцы” ААТ “Агра-Дубінское” Святлана Сакалоўская (“Рэно”), галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Ганна Юралевіч (“КІА”), кантралёр райгаза Вераніка Шырокава (“Сітраен”), дыспетчар РА МНС Людміла Сівец (“Пежо”), спецыяліст райвыканкама Наталля Жукоўская (“Сітраен”), галоўны ветэрынарны ўрач СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Вольга Гумоўская (“Фольксваген”) – вось тыя, за каго перажывалі групы падтрымкі і гледачы.

Конкурсных заданняў было ўсяго тры, але ж, як адзначылі ўдзельніцы, ні адно з іх не было лёгкім. Першым выпрабаваннем стала самапрэзентацыя, ці візітоўка канкурсантак. Каб дастукацца да сэрцаў строгага журы, дзяўчаты пайшлі рознымі шляхамі. Вераніка Шырокава чытала гумарыстычны верш уласнага сачынення; Ганна Юралевіч расказала гісторыю ўзаемаадносін з аўтатранспартам (нават з трактарам) усіх членаў сваёй сям’і; Наталля Жукоўская, як высветлілася, з’яўляецца заўзятай аматаркай футбола, таму прызвала прысутных падтрымліваць айчыннае “Дынама”; абаяльная Аліна Занямонец заслужыла захапленне і апладысменты публікі за спалучэнне таленту і густу – яе выступленне, знешні выгляд і ўбранне “жалезнага сябра” былі самымі стыльнымі. Святлана Сакалоўская і Вольга Гумоўская выбралі сястру таленту – лаканічнасць. А вось Людміла Сівец разыграла цэлае шоу з тушэннем пажару і прапанавала новы дарожны знак, згодна з якім жанчыне дазваляецца папраўляць макіяж за рулём. Менавіта яна стала лідарам па выніках першага тура. Што тычыцца заданняў па Правілах дарожнага руху і манеўравання, тут не было роўных Святлане Сакалоўскай. Дарэчы, сама жанчына аб конкурсе раней не чула. Яе дачка Дзіна прачытала аб ім у нашай газеце і ўгаварыла маці падаць заяўку. Яшчэ калі вынікі конкурсу не былі агучаны, Святлане было зададзена правакацыйнае пытанне: “Як Вы ацэньваеце сваё майстэрства?”, на што жанчына адказала проста і сціпла: “Я добра кірую”. Яе “добра” стала сапраўдным “выдатна” пры падвядзенні вынікаў. Урэшце менавіта гэтай лэдзі з аўтамабілем прадстаўнік галоўнага спонсара конкурсу ПГУП “Ірытас Н” Святлана Шэўчык уручыла сертыфікат на суму 200 рублёў для тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіля ў СТА гэтай фірмы. Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі падарункі ад кансультанта па прыгажосці “Мэры Кей”.

У перапынках паміж конкурснымі заданнямі аматараў актыўнага адпачынку радавалі сваёй творчасцю самадзейныя артысты РЦК. Іх выступленні сталі сапраўдным падарункам удзельнікам і гледачам мерапрыемства.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий