Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

У рэспубліканскай акцыі “Чысты вадаём” прымалі ўдзел штатныя супрацоўнікі раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і члены арганізацыі, добраахвотнікі.

За перыяд з 19 па 24 красавіка прыведзены ў парадак некаторыя вадаёмы на тэрыторыі раёна. На ўборцы самай галоўнай воднай артэрыі раёна – ракі Іслач – былі задзейнічаны 10 чалавек, якія прайшлі 10 кіламетраў уздоўж берага і сабралі 2 кубаметры смецця. На рацэ Заходняя Бярэзіна папрацавалі 7 добраахвотнікаў: на тэрыторыі 3 кіламетры сабралі 1,5 кубаметра смецця. Ачышчаны таксама 3 кіламетры берагавой лініі на дубінскіх разлівах, адкуль вывезена 1,5 кубаметра бытавога смецця. На ўборцы былі задзейнічаны 9 чалавек. 7 дабравольцаў ачысцілі 1,5 кіламетра берагавой лініі на вадаёме ў вёсцы Рачаняты, дзе сабралі 1,5 кубаметра смецця.

    Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел за старанныя клопаты ўзнагародзіў настаяцеля прыхода храма святых бяссрэбранікаў Касьмы і Даміяна протаіерэя Аляксандра Чурылу правам нашэння паліцы.

На святочнае богаслужэнне з гэтай нагоды, якое адбылося на паслявелікодным тыдні, у Вішнеўскім храме сабраліся свяшчэннікі з прыходаў нашага раёна.

 

    Намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС рэспублікі – начальнік аддзела сродкаў і сістэм аховы палкоўнік міліцыі Вадзім Вазнясенскі напрыканцы красавіка пабываў у нашым раёне.

Ён выступіў перад работнікамі Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, адказаў на пытанні, якія іх цікавілі. Тэма выступлення была наступная – “Прафілактыка правапарушэнняў сярод непаўналетніх і інфармаванне аб паслугах, якія аказвае Дэпартамент аховы”.

 

    Два калектывы мастацкай самадзейнасці Івянецкага гарпасялковага дома культуры пацвердзілі свае званні.

Узорнаму тэатру лялек “Вандроўка” нават не давялося выступаць перад спецыяльнай камісіяй з абласнога навукова-метадычнага цэнтра. Юным лялечнікам была залічана перамога ў фестывалі “101 лялька”, які ў канцы мінулага года праводзіўся пад эгідай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. А агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка” для пацвярджэння звання «народны» падрыхтаваў праграму “Святочны карагод”. Такія іспыты праводзяцца раз у тры гады. “Журавінка” была створана 55 гадоў таму заслужаным дзеячам культуры БССР Іосіфам Валяр’янавічам Ляшчынскім. У 1975 годзе калектыву прысвоена званне “народны”.

1 мая “Журавінка” прымала ўдзел у фестывалі народных калектываў “Музыка вясны”, які прайшоў у пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна. У скарбонцы калектыву з’явілася чарговая ўзнагарода – Падзячнае пісьмо за подпісам старшыні мясцовага сельвыканкама за развіццё беларускіх традыцый і ўдзел у фестывалі.

 

    У цёплай душэўнай атмасферы ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры прайшла музычна-літаратурная сустрэча з бардам Алесем Камоцкім і паэткай Антанінай Хатэнка.

Творчыя вячоркі арганізавалі ў ганчарнай майстэрні. Слухалі песні пра каханне, пераклады ірландскіх народных песень і вершы ў аўтарскім выкананні. Творчы дуэт у той дзень выступіў таксама перад выхаванцамі мясцовага дома-інтэрната.

 

    Зусім несвяточным стаў дзень Першамая для адной з сем’яў у пасёлку Багданаў.

Ноччу 30 красавіка ў 3.37 на пульт аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб загаранні лазні. Першымі на месца пажару прыбылі выратавальнікі з ПАВП-12 вёскі Гальшаны Гродзенскай вобласці. Адкрытае гарэнне адбывалася ў парыльным аддзяленні над печкай-каменкай. Менавіта там быў ачаг. Найбольш верагодная прычына пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі печкі. У выніку агонь пашкодзіў унутраную аддзелку парылкі, столевыя перакрыцці, шыфер па ўсім перыметры парыльнага аддзялення.

У сярэдзіне красавіка выратавальнікам давялося тушыць пажар у вёсцы Малая Люцінка Пяршайскага сельсавета, дзе на хутары гарэў жылы дом. Падчас пажару ўзарваўся газавы балон, што ўзмоцніла гарэнне. Знішчаны маёмасць, дакументы, дах, столевыя перакрыцці. Урон яшчэ ацэньваецца спецыялістамі прадстаўніцтва Белдзяржстраху. Найбольш верагодная прычына пажару зноў жа – парушэнне правіл эксплуатацыі печкі. Праводзіцца праверка.

23 красавіка на полі ля вёскі Сазонаўшчына Дорскага сельсавета гарэў трактар “МТЗ-30-22”, якія належаў ТАА “Тарасава”. Загарэўся ён падчас работы. Трактарыст спрабаваў патушыць агонь з дапамогай вогнетушыцеля, але не атрымалася. Пашкоджаны маторны адсек, кабіна трактара выгарала цалкам. Назначана пажарна-тэхнічная экспертыза, праводзіцца праверка.

 



Добавить комментарий