Ракаў вітаў маладых выканаўцаў

Культура

    У старадаўнім Ракаве ў шосты раз прайшоў фестываль-конкурс маладых выканаўцаў імя М. Грушвіцкага. За час існавання ён стаў значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі.

Яго арганізатары – Ракаўская дзіцячая школа мастацтваў і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Упершыню партнёрамі выступілі кампанія “Хорс-Моторс” і супольнасць сельскага турызму “Валожынскія гасцінцы”.

Па традыцыі на конкурс сабраліся юныя піяністы, а таксама фартэпіянныя дуэты і змешаныя ансамблі з удзелам фартэпіяна з устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзросце да 18 гадоў з усіх куткоў Беларусі. Фестываль папулярызуе імя і творчасць знакамітага кампазітара і ўвогуле беларускую музыку, дапамагае выявіць і падтрымаць адораных вучняў. З мінулага года ў яго рамках праходзіць “Конкурс маладых кампазітараў”, а сёлета арганізацыйны камітэт увёў новую намінацыю «Арганная музыка».

Адкрыла фестываль выступленне Ігара Алоўнікава ў касцёле Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка. Народны артыст Рэспублікі Беларусь выканаў два творы для аргана. Затым распачалася конкурсная праграма. Выступленні ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ігар Алоўнікаў, выкладчык Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага Сяргей Шпадарук, выкладчык Рудамінскай школы мастацтваў з Літвы Раса Шымкене і лаўрэат міжнародных конкурсаў, піяніст Кірыл Кедук.

Сярод пераможцаў, на жаль, сёлета зусім мала прадстаўнікоў з Валожынскага раёна. У намінацыі “Змешаныя ансамблі” 1-е месца заняў дзіцячы інструментальны ансамбль “Менестрэлі” з Ракаўскай ДМШ, а выхаванка гэтай школы Дзіяна Вялічка стала дыпламанткай за лепшае выкананне твора М. Грушвіцкага. Гран-пры заслужана атрымаў літоўскі квартэт Рудамінскай школы мастацтваў.

Лаўрэаты былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі і памятнымі падарункамі.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий