На сцэне Валожынскага Цэнтра культуры выступіў вядучы харэаграфічны калектыў краіны – сусветна вядомы Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка і галоўнага балетмайстра Валянціна Дудкевіча.
Канцэрт прайшоў на адным дыханні і не пакінуў нікога раўнадушным. Гледачы ўбачылі абрадавыя і сучасныя харэаграфічныя пастаноўкі, жанравыя і традыцыйныя беларускія танцы «Крывічы», «Цергніца», “Дайнова”, “Бульба”, “Лявоніха”, “Віцебская полька”, “Дзве жартоўныя кадрылі на табурэтках” і многія іншыя. Усе з захапленнем назіралі за выступленнем салістаў Аляксандра Глазко, Сяргея Піхты і Алега Сыракваша, калі тыя выконвалі танец “Вечарына”. Мужчынскі танец “Дудалка” з Юліяй Галавіной выклікаў шквал апладысментаў.
Не сціхалі авацыі салісту аркестра, лаўрэату шматлікіх міжнародных фестываляў і конкурсаў Аляксандру Зубко, які сыграў на касе, бярозавых цурках, талерках і чыгунках у сваім нумары “Каленцы на паленцах”. Прысутныя з захапленнем паслухалі мілагучныя песні ў выкананні салісткі дзяржаўнага ансамбля Валянціны Альшанскай.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара