Маладосць за кратамі канцлагера

Культура

    Васіль Сцяпанавіч НІКІЦІЧ з вёскі Дудка Івянецкага сельсавета – адзіны ў раёне вязень нямецкага канцэнтрацыйнага лагера, які трапіў туды ў сямнаццацігадовым узросце і таму ў поўнай меры ўсведамляў увесь трагізм сітуацыі.

Калі б хто тады сказаў, што ён не толькі вытрымае ўсе выпрабаванні, але і дажыве да глыбокай старасці, то ні за што не паверыў бы…

Васіль Нікіціч спрабаваў уцячы ад вайны на ўсход, але так здарылася, што ў яго на руках застаўся маленькі пляменнік, і юнак вярнуўся дадому, у вёску Навасады, што пад Мінскам. Калі немцы пачалі вывозіць моладзь у Германію, то спадзяваўся, што мясцовы стараста пашкадуе калі не яго самога, то хаця б хлопчыка-сірату. Але нямецкі прыслужнік аказаўся чалавекам без літасці. Ён ратаваў толькі сваю шкуру, а суседзяў, калег, блізкіх сваякоў здаваў фашыстам. Васіля гэты здраднік унёс у спіскі для адпраўкі ў Германію адным з першых.

Для многіх тая дарога стала апошняй: стаялі моцныя маразы, а “цялячыя” вагоны не ацяпляліся. Раз у дзень вартавыя кідалі ў вокны мерзлую бульбу ці бохан хлеба. Азвярэлыя ад нечалавечых умоў людзі душылі адзін аднаго, імкнучыся схапіць хоць трохі ежы. У Празе чакаў першы сартавальны пункт, дзе адбіралі самых дужых і моцных мужчын для работы на заводзе. Сярод вязняў гэта лічылася ўдачай. Васілю з іншымі худымі і кволымі не пашанцавала: іх забракавалі і адправілі ў канцэнтрацыйны лагер. Там патрэбна было працаваць яшчэ больш, чым на заводзе. З адной толькі розніцай, што пра жыццё чалавека ў канцэнтрацыйным лагеры ніхто не клапаціўся. Норму выканаў – атрымаеш міску баланды і жыццё да раніцы, раніцай не змог падняцца – у расход…

Васіль быў такі змучаны, што і смерці не баяўся. Але двое хлопцаў-палякаў не далі яму ўпасці канчаткова духам, падбадзёрвалі і гаварылі, што трэба старацца выжыць. Галодныя, хворыя людзі па шаснаццаць гадзін без перадыху цягалі каменні, разбіралі завалы ад бамбёжак. Нават у сне бачыліся тыя груды… А так хацелася сасніць нешта роднае, дарагое.

Першай радасцю для палонных стала вясна. Зрэдку можна было паласавацца зялёнымі парасткамі. Яны нават калі і гарчылі, то ўсё адно прыбаўлялі сілы…

Чалавечы арганізм медыкі будуць вывучаць бясконца. Чым можна растлумачыць, што ў цяпле, доглядзе нейкая інфекцыя можа давесці чалавека да магілы? А ў канцэнтрацыйным лагеры Васіль правёў тры жудасныя гады, і не толькі выжыў, але і не прастыў ні разу. Толькі вошы вельмі даймалі…

Зімой 1945 года з’явілася надзея на вызваленне. Стала ясна, што фашыстам доўга не пратрымацца. Разумелі гэта і самі гітлераўцы. Таму, як маглі, стараліся схаваць сляды сваіх злачынстваў: вывозілі дакументы, нейкія паперы палілі. Збіраліся пусціць у расход і палонных, але пакідалі расправу на самы апошні момант. У тым лагеры, дзе знаходзіўся Васіль, планы немцаў парушылі чырвонаармейцы.

Войскі Савецкай арміі ўварваліся так імкліва, што       праціўнік нават не паспеў аказаць супраціўленне. Землякі падаліся Васілю казачнымі асілкамі. Яны нават пахлі асабліва – махоркай, машынным маслам, нечым знаёмым, хоць і далёкім. Гэты дух кружыў галаву, бо так пахла воля.

У родныя Навасады ён дабраўся за тыдзень. Вельмі хацелася абняць маленькага пляменніка, якога пакінуў аднаго ў хаце. Але не было ні хаты, ні хлопчыка. На месцы дома чарнела папялішча, праз якое ўжо прабівалася маладая трава, а пляменніка пахавалі суседзі на мясцовых могілках.

За гады і гэты боль суняўся ў змучанай душы Васіля Сцяпанавіча. Суняўся, ды не забыўся. Як і маладосць, праведзеная ў няволі…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий