Баліць у сэрцы спаленае Кражына…

Культура

    У горне вайны палалі тысячы вёсак… Адной з іх было наша Кражына. Мемарыял, якому сёння сумна кланяюцца і шапацяць свае адвечныя казкі бярозы, узнік на месцы гумна. У імгненне будынак, прызначаны дарыць вяскоўцам дастатак, стаў агульнай вогненнай магілай для кражынцаў. Карнікі-эсэсаўцы не мелі літасці ні да старога, ні да малога. Сведцы тых жудасных падзей – Марыі Адамаўне Казак – было на той час усяго 7 гадоў. Але да скону не забыць ёй трагічную дату – пятніцу 21 мая…

“Пачалося ўсё гэта ў сераду, – дзеліцца нялёгкім успамінам карэнная жыхарка спаленай вёскі. – Усхваляваны татка прыехаў з кірмашу ў Вішневе і з парога ашаламіў: замасцянскі чалавек папярэдзіў, што карнікі рыхтуюцца біць вёску!” Гэта стала вядома ад аднаго з тых супрацоўнікаў нямецкай паліцыі, каго ліхалецце не здолела прымусіць развітацца з чалавечнасцю і сумленнем. А таму навіна не выклікала падстаў для сумнення. Праўда, да самага канца ў душах цеплілася надзея, што фашысцкая навала абыдзе бокам. І… яна не спраўдзілася.

Прабуджэнне дзяцей аказалася трывожным: наўкол чуліся гоман, крыкі. Людзі таропка пусцілі вестку: немцы ўжо тут, яны акружылі Кражына і гатовы пачынаць! Што маглі проціпаставіць прывучаныя жыццём да плуга, касы і сярпа вяскоўцы ўзброеным прафесіянальным катам з элітнага падраздзялення “СС”? Балазе, побач рос добра знаёмы лес… “Мама нас апранула, абула, і мы пабеглі ў старыя акопы. Лісы выюць, а мы сядзім затаіўшыся, – працягвае расказ Марыя Адамаўна, выціраючы няпрошаныя слёзы. – Мама паспела яшчэ раз схадзіць дадому, прыгнала карову і прынесла нам паесці. А немцы ўжо сталі аблавай. Адзін з вяскоўцаў запрог каня і пайшоў быццам баранаваць поле (Так ён хацеў сачыць за дзеяннямі карнікаў і перадаваць “аператыўныя звесткі” кражынцам у лес. – Заўвага аўтара). Немцы яго схапілі. Жонка выскачыла за мужа прасіць – і яе забралі. А потым – і бабулю… Дзеці толькі засталіся – сястра гэтага мужчыны ў Гародзьках іх потым узяла да сябе і выгадавала”. Між тым, прагучалі і першыя стрэлы: на лузе з кулямёта забілі аднаго з суседзяў расказчыцы. А натоўп зацкаваных і збянтэжаных людзей, якія адмаўляліся верыць у праўдзівасць сітуацыі, перад фашыстамі-лаўцамі ўсё рос…

М. А. Казак паказала на мемарыял: “Гумно на гэтым месцы стаяла. Ведаеш, што такое гумно? Там снапы са збожжам захоўваліся. Не спатрэбіліся тыя зярняткі больш нікому. Немцы прыцягнулі сухой саломы і двух вартавых у дзвярах паставілі. Потым групкамі прыганялі вяскоўцаў і давалі чаргу з кулямёта. І параненых, і забітых у шліхту складалі. А потым – падпалілі. І гумно, і хаты…” Трохі воддаль ад агульнай брацкай магілы – яшчэ адзін помнік. Па словах субяседніцы, смерць напаткала там хлопчыка, які спрабаваў схавацца ад аблавы на падстрэшку суседскай адрыны – падчас пошукаў яго прапаролі штыком…

21 мая 1943 года 7 жывых чалавек засталося з вёскі, што яшчэ нядаўна налічвала 218 жыхароў. Уратаваліся толькі тыя, хто здолеў уцячы ці гасцяваў. Закончыўшы чорную справу, карнікі пакінулі ваколіцы Кражына. Сумеснымі намаганнямі жыхароў суседніх вёсак, сваякоў спаленых ахвяр вайны неўзабаве пасля страшных падзей тут з’явіўся насыпны курган, які пазней увянчалі помнікі, а ў 1961-м – скульптура “Жанчыны ў смутку”. Гэта святое месца і сёння напамінае наведвальнікам, што цана Міру зусім не мірная…

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий