Праз гады скрозь сон – палон

Культура

    Вялікая Айчынная вайна з кожным годам аддаляецца, радзеюць рады ветэранаў. Але падзеі, якія давялося перажыць людзям таго пакалення, і сёння рэхам адгукаюцца ў нашых сэрцах.

Антон Іванавіч БАШУРА нарадзіўся ў 1941 годзе, з ваеннага маленства ў памяці захаваліся толькі некалькі самых яркіх момантаў. А перажыць гэтаму чалавеку давялося многа. Пра падзеі мінулых гадоў, часта са слязамі на вачах, расказвала яму маці Юзэфа Міхайлаўна.

Жыццё нашага героя пачалося на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Налібокі. Тэрыторыя знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Аднойчы партызаны расстралялі нямецкі картэж, азвярэлыя ворагі вярнуліся ў вёску: мужчын, якія не паспелі ўцячы ў лес, забілі, а жанчын з дзецьмі ўзялі ў палон і адправілі на Нямеччыну. Пасля гэтага нацысты спалілі Налібокі.

Бацьку Антона Іванавіча немцы расстралялі па падазрэнні ў сувязі з партызанамі. Юзэфа Міхайлаўна разам з дзіцем былі адпраўлены ў аўстрыйскі канцлагер. Хлопчыку не было тады і двух гадоў. Маці расказвала, як цяжка і голадна жылося ў лагеры, якія эксперыменты праводзілі там над зняволенымі. Дзецям давалі па маленькай прэснай булачцы і шклянцы астаткаў ад вытворчасці малака на цэлы дзень, дарослым не даставалася і гэтага. Нягледзячы на зусім малы ўзрост, у памяць урэзалася пачуццё голаду і тое, як разам з іншымі дзецьмі хадзілі да будынка сталовай збіраць лупіны, рэшткі ежы. Калі ж сюды набліжаўся дарослы, яго адразу расстрэльвалі чаргой з аўтамата.

У канцлагеры сям’я Башураў правяла больш за год. Здарылася так, што маці забрала пыніць гаспадарку адна нямецкая сям’я. Жыццё адразу змянілася. Гаспадары добра ставіліся і да жанчыны, і да хлопчыка, тым больш, што сваіх дзяцей у іх не было. Ежы давалі ўволю, любілі і з малым паняньчыцца. Калі закончылася вайна, настолькі прывязаліся да сваіх парабкаў, што прапаноўвалі застацца ў іх назаўсёды, абяцалі пакінуць усю маёмасць у спадчыну. Але маці цягнула на радзіму, хацелася зноў вярнуцца ў родную вёску, пабачыць блізкіх людзей.

Савецкія войскі арганізоўвалі адпраўку былых палонных. Селі на цягнік і Юзэфа Міхайлаўна з сынам. Для чатырохгадовага малога гэта былі вельмі радасныя, непаўторныя ўражанні, якія назаўсёды захаваліся ў памяці. Прыехалі яны ў Стоўбцы, а пасля 42 кіламетры пешшу дабіраліся да родных Налібокаў. Калі дайшлі, аслупянелі: ад некалі вялікай вёскі засталіся адны скляпенні. Надыходзіла восень. Жылі ў склепе, есці не было чаго. Хадзілі ў поле збіраць мерзлую бульбу, якая расла тут сама па сабе з тае пары, як вёска апусцела. Перабіваліся на нейкіх лясных харчах. Асабліва цяжка прыйшлося зімой. “Усяго перацярпелі і выжылі”, – гаворыць Антон Іванавіч.

Паступова адбудаваліся, хоць было і вельмі складана без мужчынскіх рук. Жыццё наладжвалася, стала больш спакойным. Пасля заканчэння сямі класаў Антон Іванавіч пайшоў працаваць рознарабочым на мясцовае сельгаспрадпрыемства. Затым атрымаў спецыяльнасць механіка ў сельскагаспадарчым вучылішчы.

Па размеркаванні настаўнічаць у Налібокі прыехала Леанарда Вітольдаўна, якая адразу спадабалася юнаку. Неўзабаве яны пажаніліся. Праз нейкі час маладая сям’я вырашыла перабрацца на радзіму жонкі ў Валожынскі раён. Яны ўзялі ўчастак у Івянцы і перавезлі сюды загадзя зроблены ў Налібоках зруб. Антон Іванавіч прайшоў курсы на кандытарскай фабрыцы “Камунарка” і стаў наладчыкам загортачнай лініі на Івянецкім кансервавым заводзе, жонка ўладкавалася ў мясцовую школу. У сям’і ўжо гадаваўся сынок Валерый, а хутка на свет з’явілася і дачушка Марына. Абое ўвасобілі ў жыццё галоўную мару бацькі: атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі добрымі спецыялістамі ў сваіх сферах, падарылі бабулі з дзядулем трох унукаў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий