Урачыста сустрэлі Свята Перамогі

Официально

    Традыцыйна 9 мая ў раёне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 72-й гадавіне перамогі Чырвонай арміі і савецкага народа над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. Здавалася б, зусім яшчэ нядаўна гэты велічны дзень на галоўнай плошчы райцэнтра сустракалі шарэнгі франтавікоў. Сёння на ўсёй Валожыншчыне засталося 17 прадстаўнікоў легендарнага пакалення воінаў-вызваліцеляў. І толькі тры з іх знайшлі ў сабе сілы пераадолець гады і хваробы і далучыцца да агульнага святкавання ўрачыстай даты…

«Вайна – адна на ўсіх бяда – парадніла людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў, абудзіла ў іх патрыятызм, гераізм і стойкасць. І сёння наша памяць звернута да тых, хто набліжаў гэту светлую дату. З асаблівай удзячнасцю ўзгадваем ратныя і працоўныя подзвігі адважных франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, мужных рупліўцаў тылу…» – са шчырымі словамі прызнання, павагі і падзякі звярнуўся да галоўных герояў сёлетняй урачыстасці Аляксея Іванавіча Санталава, Мікалая Рыгоравіча Гарнастая, Маланні Ігнацьеўны Мянцюк і шматлікіх удзельнікаў мітынгу старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады назваў імёны жыхароў нашай малой радзімы, што ўнеслі значны ўклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. Разам з тым ён нагадаў і пра 67 помнікаў ахвярам вайны на тэрыторыі раёна, якія сведчаць пра сапраўдную цану здабытага міру і спакою…

У час урачыстасці з віншавальнымі словамі да прысутных звярнуўся камандзір 153-й асобнай Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння Сяргей Вячаслававіч Галіеў. Ад ветэранаў слова трымаў Аляксей Іванавіч Санталаў. Франтавік прыгадаў, з якімі фізічнымі і маральнымі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца ў гады ліхалецця. Нездарма са старажытных часоў да нас дайшла прыказка пра тое, што нават самы дрэнны мір куды лепш, чым добрая вайна. Людзі не маюць права забываць гісторыю. Ветэран пажадаў нашчадкам любіць і шанаваць Радзіму. Зразумець яго зусім проста: калі не дапускаць канфліктаў, можна не хвалявацца за мірнае неба над галавой… Салідарнасць моладзі з гэтай думкай выказала і педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 г. Валожына Яна Ярота.

Самым відовішчным, кранальным момантам Дня Перамогі год ад году становіцца ўскладанне кветак да брацкай магілы ў скверы на плошчы Свабоды райцэнтра. У гэтай цырымоніі традыцыйна прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў горада. Але сёлета адчувалася нейкая асаблівая пранізлівасць дзеі. Можа таму, што кожны, кладучы барвовыя гваздзікі ў агульны стос, разумеў: гэта не толькі сімвал удзячнасці, але і памяці пра тых, хто назаўсёды пакінуў нас, і што ў наступным годзе кветак стане яшчэ больш…

Апафеозам афіцыйнай часткі мерапрыемства стаў парадны марш вайскоўцаў, да якога далучыліся мажарэткі ў суправаджэнні духавога аркестра Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, члены грамадскіх арганізацый.

Пасля ўсе жадаючыя завіталі на вялікі святочны канцэрт, што падарылі ўдзельнікам мерапрыемства артысты раённага Цэнтра культуры і творчыя калектывы раёна. У гэты ж час на плошчы таксама не сумавалі: хтосьці стаяў у чэргах за харчовай, прамысловай і сувенірнай прадукцыяй у адкрытым продажы, многіх зацікавіла выстава-дэманстрацыя ўзбраення сучаснага беларускага салдата. Самыя маленькія бавілі час у атракцыёнах і чакалі сапраўднай салдацкай кашы, якая, дарэчы, не замарудзіла з’явіцца. У цэнтральнай раённай бібліятэцы праходзіў шашачны турнір для ветэранаў вайны і працы. У час майго візіту за першае месца ўжо змагаліся Міхаіл Іванавіч Шыян і Андрэй Леанідавіч Кашкан. Тройку лідараў замкнуў Вячаслаў Вітальевіч Косік.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-1

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-2

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-3

    Воіны-інтэрнацыяналісты Юрый Андрэевіч КЛІЦОЎ, Рыгор Мікалаевіч РУСАКЕВІЧ і Уладзімір Уладзіміравіч КРУГЛІК (справа) падзялілі радасць моманту з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны Маланняй Ігнацьеўнай МЯНЦЮК, Мікалаем Рыгоравічам ГАРНАСТАЕМ і Аляксеем Іванавічам САНТАЛАВЫМ. Шмат добрых слоў і пажаданняў ім адрасавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Вікенцьевіч САДОЎСКІ і дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна РАЙ (у другім радзе).

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-4

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-5

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-6

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-7

Урачыста-сустрэлі-Свята-Перамогі-8



Добавить комментарий