Паклон вам нізкі, воіны святла…

Официально

Урачыста і сардэчна прайшло святкаванне Дня Перамогі ў Пяршаях. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі адміністрацыя мясцовага сельгаспрадпрыемства, сельвыканкам, школа, ахвотна адгукнуліся і прынялі ўдзел работнікі культуры і гандлю. Пасля мітынгу адбыўся канцэрт, на якім не было недахопу ў яркіх нумарах і самабытных артыстах.

Не сакрэт, што кожную адказную справу неабходна рыхтаваць і прадумваць загадзя. Менавіта такі падыход узялі на ўзбраенне пяршайцы. Сіламі настаўнікаў і вучняў быў добраўпарадкаваны сквер каля помніка загінуўшым землякам. Кіраўнік КСУП “Пяршаі-2014” Яўген Скрундзь, краязнавец Мікалай Ганчар, старшыня сельвыканкама Валянціна Кушаль зрабілі ўсё неабходнае для таго, каб адбылася акцыя “Бессмяротны полк”. Сёлета трыццаць тры партрэты воінаў самай крывавай у гісторыі чалавецтва вайны пранесены па вуліцах аграгарадка. Многія з іх яшчэ нядаўна былі сярод нас, жылі побач, сумленна працавалі. 72-ю гадавіну Вялікай Перамогі дачакаліся з ветэранаў пяршайшчыны толькі двое: Вацлаў Адамавіч Мянцюк з Янушкавічаў і Аляксандр Сцяпанавіч Луцкі з Вялікага Поля. Узрост і стан здароўя не дазволілі ім прыняць удзел ва ўрачыстасці. Не было на мітынгу і іншых сведак тых жахлівых гадоў: салдацкіх удоў, вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Сельгаспрадпрыемства паклапацілася, каб да свята кожны, хто зведаў у сваім жыцці ваеннае ліхалецце, атрымаў падарункі і некаторую суму грошай. У тым ліку і воіны-інтэрнацыяналісты, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета: Аляксандр Пятровіч Бродзік і Аляксандр Уладзіміравіч Пашкоўскі.

Яшчэ за гадзіну да мітынгу на плошчы перад адміністрацыйным будынкам КСУП пачалі збірацца людзі. У памяшканні канторы працаваў буфет з вельмі “дэмакратычнымі” цэнамі і шырокім таварным асартыментам. Стаўку работнікі гандлю зрабілі на мясную прадукцыю мясцовай вытворчасці. Аматары пачаставацца шашлыкамі ці каўбаскамі “з полымя, з жару” тоўпіліся каля мангала і барбекю. Але калі са школы паказалася калона дзяцей і дарослых, усе, хто сабраўся, рушылі да іх. У першых радах крочылі юнакі і дзяўчаты з гірляндай і вянкамі з жывых кветак, за імі ішлі малодшыя школьнікі з партрэтамі воінаў-землякоў. У такім парадку дэманстранты і накіраваліся да помніка…

Старт мітынгу далі вядучыя Віктар Харук і Таццяна Сымановіч. Яны назвалі імёны ганаровых гасцей свята: прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь з 1990 па 1994 год Вячаслава Францавіча Кебіча, былога міністра абароны Рэспублікі Беларусь, генерал-палкоўніка Паўла Паўлавіча Казлоўскага, намесніка міністра сельскай гаспадаркі, нашага земляка рамана Антонавіча Навіцкага, палкоўніка запасу Мікалая Пятровіча Свірскага.

Сабраныя пачулі віншаванні гасцей, адказных службовых асоб, кранальнае выступленне школьнікаў. “Мы не маем права забывацца, якой цаной заваявана мірнае жыццё, і хочам, каб войны больш ніколі не разгараліся на нашай роднай, любімай зямлі…” – вось тое галоўнае, што прагучала падчас мітынгу. Яўген Яўгенавіч Скрундзь засяродзіў увагу яшчэ і на тым, каб акцыя “Бессмяротны полк” з кожным годам рабілася больш колькаснай. “Калі я прыйшоў кіраваць гаспадаркай, жывымі былі 78 ветэранаў. Мы не павінны забываць нікога. Магчыма, вучань-другакласнік і не ўсведамляе ўсю веліч гэтага свята, але ён запомніць, што на Дзень перамогі нёс партрэт героя вайны, і людзі глядзелі на яго з павагай. А тым, хто замест таго, каб прыйсці на агульнанароднае свята, бавіць час дома ці на шашлыках, няхай будзе сорамна, што партрэт яго дзядулі пранеслі чужыя рукі”.

На мітынгу немагчыма было стрымаць слёз. Сапраўды адбылося, як у песні Д. Тухманава “День Победы” – “праздник со слезами на глазах…” Здавалася, што не фотаздымкі, а душы ветэранаў лунаюць над галовамі патомкаў, ацэньваючы нашу годнасць і людскасць. Вядома, мы ніколі не ўбачым твары ўсіх загінуўшых. На Пяршайшчыне фашысты замучылі і забілі 226 мірных жыхароў, сярод якіх – немаўляты і старыя, жанчыны і мужчыны. На пліце каля помніка выгравіраваны іх імёны, а таксама імёны тых, хто паў на полі бою. Зялёныя вянкі з чырвонымі кветкамі ляглі на падножжа пастамента. Сімвал таго, што мы, жывыя, схілілі галовы перад памяццю загінуўшых…

Ад помніка да адміністрацыйнага будынка КСУП удзельнікі свята дабіраліся не пешшу, а на аўтобусах. Тут ужо чакала салдацкая каша (нават дзве: грэчка і панцак з тушонкай), катлета і гарачы чай. Сумесны абед як бы замацаваў перакананне: мы не толькі землякі, адзін народ, мы ў нейкім сэнсе сям’я на гэтым свеце. І Перамога – наша агульнае свята. Свята ў гонар тых, хто заваяваў для нас сённяшні дзень…

Алена ЗБІРЭНКА

фота Сяргея БОБРЫКА

Паклон-вам-нізкі,-воіны-святла…-1

Паклон-вам-нізкі,-воіны-святла…-2

Паклон-вам-нізкі,-воіны-святла…-3



Добавить комментарий