Напярэдадні Дня Перамогі ў 1-м гарадскім аддзяленні раённага вузла паштовай сувязі прайшла акцыя “Адпраў вестку ветэрану”, якую ініцыіравала РУП “Белпошта”.
Супрацоўнікі ў зале актыўна прапаноўвалі кліентам бясплатныя маляўнічыя паштовыя карткі са спецыяльным штампам “Акцыя” і запрашалі павіншаваць знаёмых ветэранаў са святам. У іх, дарэчы, быў спіс з адрасамі ўсіх жывых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у нашым раёне. На жаль, спіс гэты быў вельмі невялікі. У той дзень адпраўлена была 31 паштоўка. Я таксама з радасцю скарыстала такую магчымасць і падпісала 4 адкрыткі.
Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва перад Днём Перамогі асабіста аб’ехалі ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў працоўнага фронту і ўручылі ім памятныя падарункі: курткі і прасы.
Усяго ўручаны 23 падарункі. Сацыяльныя работнікі пабывалі ў Івянцы, вёсках Стайкі, Сакаўшчына, Харытоны, Лаўскі Брод, Ласокіна, Цябуты, Доры і іншых, некаму перадалі падарунак у бальніцы. У Валожыне гэту місію выканала старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, дырэктар цэнтра Г. Ф. Рай.
З нагоды Дня Перамогі ва ўсіх 15 бібліятэках раёна для чытачоў быў падрыхтаваны прагляд літаратуры “Яны захавалі мір для нашчадкаў”.
У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы 7 мая прайшла мультымедыйная прэзентацыя “Ведаць, помніць, думаць”.
З 8 мая па 1 чэрвеня ў раёне праводзіцца месячнік Чырвонага Крыжа.
У рамках месячніка Мінская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў наш раён 205 кілаграмаў вязанага адзення для дзяцей і наборы для нованароджаных. Гэта гуманітарная дапамога паступіла ад Дацкага Чырвонага Крыжа. Сярод рэчаў – пледы, кофты і світары, шапкі, шкарпэткі, шалікі, іншыя вязаныя рэчы. Раённае Таварыства Чырвонага Крыжа будзе размяркоўваць груз паміж мнагадзетнымі сем’ямі.
2 мая завяршыўся двухгадовы праект «Адкрытая пляцоўка “МАМАKIDS”» для маці, якія знаходзяцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе за дзіцем, і іх дзяцей. Заключным мерапрыемствам стаў выпускны ранішнік.
Дыпломы аб заканчэнні курсаў ранняга развіцця атрымалі 14 дзяцей. Праект рэалізоўваўся на працягу 2015-2017 гадоў. За два гады ў ім прынялі ўдзел больш за 30 дзяцей і іх маці. Праведзены больш за 100 заняткаў для развіцця дзяцей, цыкл трэнінгаў для маладых матуль “Я – мама”, арганізаваны некалькі сямейных і спартыўных свят. За гэты час многія дзеці пасябравалі адзін з адным, сапраўднымі сяброўкамі сталі іх матулі.
Таварыства роду Плявакаў з Польшчы набыло і перадало ў дарунак Івянецкаму музею традыцыйнай культуры кнігу Мірослава Кшыжанскага “Матэматычная манаграфія” ў двух тамах, выдадзеную ў 1971 годзе ў Варшаве.
Вядомы ў Польшчы матэматык М. Кшыжанскі мае непасрэднае дачыненне да нашага раёна і Івянецкага краю ў прыватнасці: ён з’яўляецца праўнукам В. Дуніна-Марцінкевіча. А ў 1943-1944 гадах ён працаваў у Валожыне, з 1944 па 1945 гады выкладаў матэматыку ў Івянецкай школе.
Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі даслала ў дарунак нашай раённай бібліятэцы вучэбны дапаможнік “Польскі для ўсіх”, перавыдадзены ў 2017 годзе ў Мінску.
На 170 старонках выдання размешчаны слоўнік польскай мовы, фатаграфіі старадаўніх замкаў, якія захаваліся ў розных гарадах Польшчы, а таксама размоўнік на розныя бытавыя тэмы.
8 мая ў пасёлку Багданаў адбыўся традыцыйны футбольны турнір, прысвечаны памяці Паўла Падрэза, які загінуў у Афганістане. Праходзіў ён у 29-ы раз.
Першае месца занялі футбалісты з Валожына, другое і трэцяе – каманды Івянца і Багданава. Пераможцам уручаны грашовыя прызы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.