Велапрабег у гонар Перамогі

Официально

    6 мая райцэнтр, Бабровічы, Яцкава-Карчомныя, Яцкава-Замосныя, Баркі, Белакорац сталі маршрутам веласіпеднага прабегу, прысвечанага 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ініцыятыва правядзення спартыўна-патрыятычнага мерапрыемства належыць кіраўніцтву і калектыву УП “Мінскаблгаз”. Старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка падтрымаў карысную ідэю, якая нарадзілася пасля прыняцця рашэння аб рэстаўрацыйных работах на воінскім захаванні ў Бабровічах. За помнікам замацаваны калектыў мясцовай гаспадаркі. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства палічыла – проста навесці парадак на тэрыторыі вакол памятнага месца недастаткова. Цэнтральны офіс даў дабро. Сіламі рабочай групы сельгаспрадпрыемства была заменена зорка на стэле. Саму стэлу і яе падножжа пафарбавалі. Прыведзены ў належны выгляд пляцоўка ля помніка і падыход да яго. Кіраўніцтва УП “Мінскаблгаз” адобрыла прапанову аб правядзенні ўрачыстасці ў гонар Дня Перамогі ля адрамантаванага помніка. Аднак было вырашана зрабіць акцыю больш маштабнай.

Велапрабег стартаваў з плошчы Свабоды райцэнтра. 70 веласіпедыстаў са сцягамі, георгіеўскімі лентамі і іншай атрыбутыкай Дня Перамогі накіраваліся па зададзеным маршруце. Усяго ж удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за сто чалавек. Свае каманды прадставілі апарат упраўлення УП “Мінскаблгаз” і яго структурныя падраздзяленні з Барысава, Слуцка, Салігорска, Дзяржынска, Маладзечна, Стоўбцаў, Рудзенскай газанапаўняльнай станцыі, Бярэзінскага торфапрадпрыемства, Мінскага рамонтна-вытворчага ўпраўлення, СГУ “Бабровічы”.

Усяго 20 хвілін спатрэбілася спартсменам, каб у суправаджэнні матацыклістаў дабрацца да Бабровічаў. Байкерскі картэж быў арганізаваны Валожынскім таварыствам аматараў мотатранспарту. Ля помніка загінуўшым воінам прайшоў урачысты мітынг, падчас якога прагучалі шчырыя і пранікнёныя словы выступоўцаў – гендырэктара Юрыя Кукліцкага, старшыні прафкама УП “Мінскаблгаз” Сяргея Жардэцкага, а таксама дырэктара СГУ “Бабровічы” Генадзія Бычкоўскага. Прысутныя ўшанавалі памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання. Адбылося ўскладанне вянка і кветак.

Праз паўтары гадзіны велапрабег дасягнуў фінальнага пункту – зоны адпачынку “Экалагічная сцежка”. Тут, у адным з самых прыгожых куткоў Налібоцкай пушчы, удзельнікаў акцыі гасцінна сустракалі работнікі СГУ “Бабровічы”. Палявая кухня, што вабіла апетытным пахам стомленых веласіпедыстаў, распачала работу загадзя, таму падсілкавацца было чым. Частавалі салдацкай кашай, шурпой, шашлыком, юшкай, чаем з духмянай выпечкай. Пасля арганізатары запрасілі аматараў актыўнага адпачынку да ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах. Каманды бацькоў і дзяцей, што прынялі ўдзел у сямейнай эстафеце, вітаў сімвал года – певень Пятруша. Менавіта гэты персанаж прыўнёс у спартыўнае свята іскрынкі гумару і непасрэднасці. Вядучая і яе памочнікі былі апрануты ў форму медработнікаў і салдат мінулай вайны. усе выпрабаванні яны таксама вытрымалі ў армейскім стылі. Гледачам весела было назіраць за дарослай і дзіцячай камандамі, якія выконвалі даволі няпростыя заданні. У выніку фартуна ўсміхнулася маладому пакаленню. Яшчэ адной забавай стала магчымасць пакатацца на агрэгаце “Раса”. Незвычайны атракцыён юным спартсменам і іх бацькам падарылі механізатары гаспадаркі.

У эстафеце для дарослых патрабавалася прадэманстраваць уменні бегаць у ластах, забіваць цвікі, трапна кідаць шышкі, скакаць у мяшках, пераадольваць тунэль, лавіць курыцу і транспартаваць дзяўчыну на насілках. Спаборніцтвы выклікалі сапраўдны азарт ва ўдзельнікаў і выбух эмоцый у гледачоў.

Перад святочным канцэртам, што прайшоў пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, адбылося падвядзенне вынікаў спартыўнай часткі мерапрыемства. Кожны веласіпедыст велапрабегу атрымаў пасведчанне з указаннем пераадоленага ім маршруту. Пераможцы – каманды апарату ўпраўлення, вытворчых участкаў з Маладзечна і Стоўбцаў – атрымалі дыпломы за 1-е, 2-е і 3-е месцы, а кожнага з членаў гэтых трыа (у склад каманд уваходзілі двое мужчын і жанчына) у хуткім часе чакаюць грашовыя прэміі. Юныя спартсмены таксама не засталіся без узнагарод – салодкіх падарункаў і памятных сертыфікатаў.

Тэматычныя канцэртныя нумары на адкрытай сцэне экалагічнай сцежкі прадставілі самадзейныя артысты УП “Мінскаблгаз”. Акрамя песень ваеннай тэматыкі ў выкананні Уладзіміра Данчанкі, Людмілы Калечыц, Алены Прыёмкі, Вольгі Круцько, Аляксандра Яцэвіча, былі падрыхтаваны літаратурна-музычныя кампазіцыі “Вставай страна огромная!”, “Жди меня и я вернусь”, “Успаміны вайны”. Актуальнымі былі і нумары на тэмы кахання, вернасці, сяброўства…

У гэты прыгожы веснавы дзень дружны калектыў газавага прадпрыемства Міншчыны змог не толькі аддаць даніну памяці гераічнаму мінуламу беларускага народа, але і з карысцю правесці вольны час. Няхай гэта стане добрым прыкладам для іншых працоўных калектываў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Велапрабег-у-гонар-Перамогі-2

Велапрабег-у-гонар-Перамогі-1



Добавить комментарий