Са згодай, ладам, пазітывам…

Общество

    У рамках выканання мерапрыемстваў падпраграмы “Сям’я і дзяцінства” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады”, напярэдадні міжнароднага свята ў Лагойскім раёне сёння, 12 мая, стартуе абласны конкурс “Шматдзетная сям’я года Міншчыны”.

14 красавіка ў Мядзелі адбыўся занальны конкурс нашага рэгіёну, дзе прынялі ўдзел шматдзетныя сем’і Валожынскага, Вілейскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў.

Нашу малую радзіму дастойна прадставілі Марына Аляксандраўна і Міхаіл Іванавіч Сеўрукі з Суднікаў, якія выхоўваюць пецярых непаўналетніх дзяцей. Марына Аляксандраўна цяпер працуе загадчыцай малочнатаварнай фермы ў ААТ “Суднікаўскі”, яе муж – жывёлаводам у той жа гаспадарцы. Старэйшы сын Аляксандр – навучэнец 9 класа Плешчаніцкага дзяржаўнага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, ён прафесіянальна займаецца лёгкай атлетыкай. Дочкі Маргарыта, Віялета і сын Ваня вучацца ў 8-м, 3-м і 1-м класах Суднікаўскай сярэдняй школы. А самы меншы – Коля – спасцігае мудрагелістасці свету ў дзіцячым садку.

Трэба адзначыць, што творчая сцяжынка, абраная за жыццёвы прынцып Сеўрукамі, прывяла да іх шырокай вядомасці. Багата і дасягненняў. Напрыклад, у ліпені 2016 года сям’я заняла 1-е месца ў раённым конкурсе “Уладар вёскі”. Пераможцамі яны сталі і на раённым конкурсе “Лепшая маладая сям’я-2016”, які ладзіўся пад эгідай БРСМ. Сама Марына Аляксандраўна ў 2015-м была ўзнагароджана ордэнам Маці.

І дзеці, і дарослыя з вялікай адказнасцю, энтузіязмам, запалам і густам падышлі да падрыхтоўкі і ўдзелу ў занальным конкурсе. А пакуль што пажадаем такіх жа яркіх і ўпэўненых поспехаў нашай сям’і і на абласным узроўні!

Алена РАЙ,

загадчык аддзялення ТЦСАН



Добавить комментарий