Лячэнне з вучэннем

Общество

Калі мы гаворым пра аздараўленне дзяцей, часцей за ўсё маем на ўвазе школьныя лагеры з дзённым знаходжаннем, дзіцячыя стацыянарныя летнікі ці, на крайні выпадак, санаторыі. Аднак тым, хто ўжо ў такім юным узросце мае складаныя ці, тым больш, хранічныя захворванні, несуцяшальныя дыягназы, звычайнага курса аздараўлення ў лагеры недастаткова. Ім патрэбна больш сур’ёзнае і працяглае лячэнне. Першая ж праблема, якая паўстае перад бацькамі, – як гэта зрабіць, каб разам з тым дзіця не адстала і ў вучобе. Пра тое, дзе можна паправіць здароўе, не спыняючы вучэбна-выхаваўчы працэс, расказвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Уладзіміраўна ШАКУН:

– Хочацца давесці да ведама бацькоў, што ў вобласці існуюць такія санаторныя школы-інтэрнаты, дзе школьнікі могуць прайсці неабходны курс лячэння і пры гэтым паўнацэнна вучыцца пэўны перыяд або нават на працягу навучальнага года. У Маладзечне функцыянуе агульнаадукацыйная санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых скаліёзам. Сюды прымаюцца вучні 2-9 класаў. Асноўны кантынгент залічваецца з першай вучэбнай чвэрці, а на працягу года – толькі пры наяўнасці вакантных месцаў. Чатыры разы на год установа праводзіць пасяджэнне медыка-педагагічнай камісіі, у рабоце якой прымаюць удзел высокакваліфікаваныя спецыялісты: урачы, супрацоўнікі рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, педагогі. Варта зазначыць, што перавагу пры залічэнні маюць тыя дзеці, хто ўсё ж такі пабываў на камісіі ў Маладзечне.

Набор дзяцей з 3 па 9 класы з хранічнымі неспецыфічнымі захворваннямі органаў дыхання праводзіць Чырвонаслабодская агульнаадукацыйная санаторная школа-інтэрнат. У Старабарысаўскую школу-інтэрнат прымаюцца вучні таго ж узросту з пачатковымі, малымі і затухаючымі формамі туберкулёзу. А аналагічная ўстанова для дзяцей 4-9 класаў з захворваннямі органаў стрававання, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм існуе ва Уздзе. Спачатку ў гэтых установах ідзе залічэнне толькі на вучэбную чвэрць, аднак калі ў школьнікаў назіраецца станоўчая дынаміка пры лячэнні, іх знаходжанне ў школах можа быць і больш працяглым.

Тым, хто пажадае атрымаць такую пуцёўку, у першую чаргу неабходна звярнуцца ў паліклініку да райпедыятра або свайго ўчастковага педыятра. Менавіта там стаяць на ўліку дзеці з пэўнымі захворваннямі. Выпіску з гісторыі хваробы накіроўваюць на разгляд у абласную медыка-педагагічную камісію па камплектаванню санаторных школ-інтэрнатаў. І толькі пасля гэтага раённы аддзел адукацыі займаецца падрыхтоўкай педагагічных дакументаў.

Адпраўляючыся ў такую школу, дзіця павінна мець пры сабе выпіску з гісторыі хваробы, карту прафпрышчэпак, даведку аб адсутнасці інфекцыйных і скурных захворванняў, а таксама табель з адзнакамі і педагагічную характарыстыку, абавязкова і заява бацькоў з падрабязным адрасам. Для пражывання і вучобы спатрэбяцца адзенне па сезону, спартыўная форма, санітарна-гігіенічныя рэчы і пісьмовыя прылады. Падручнікамі вучні будуць забяспечаны на месцы. Хочацца заспакоіць бацькоў, што ў такіх установах выдатныя ўмовы пражывання і вучэбная база, працуюць вопытныя педагогі, якія ўмеюць знайсці агульную мову з часовым дзіцячым калектывам. На высокім узроўні арганізаваны і вольны час школьнікаў, заняткі па інтарэсах, праца ў гуртках і клубах. Школы цалкам забяспечаны сучасным медыцынскім абсталяваннем, якое пастаянна мадэрнізуецца і абнаўляецца.

Да друку падрыхтавала Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий