Муж даражэй за ўсіх на свеце!

Общество

    Маленькі Арцёмка з’явіўся на свет у сям’і БарэйкаЎ з Адамова, калі яго старэйшаму брату Аляксею было ўжо 22 гады. Падрасталі яшчэ тры сястры: Каця, Надзя і Віка. Але нараджэнне самага малодшага стала знакавай падзеяй, бо маці Вольга Феліксаўна была адзначана галоўнай для жанчыны ўзнагародай – ордэнам Маці.

На ўрачыстае мерапрыемства, якое праходзіла з гэтай нагоды ў Мінаблвыканкаме, запрасілі і галаву шматдзетнай сям’і – Уладзіміра Яўгеньевіча. Хваляваўся ён не менш за жонку, але душу цешылі вялікая радасць і задавальненне, што ўшаноўвалі іх разам. Безумоўна, прыродай на жанчыну ўскладзена вялікая місія – нараджаць дзяцей, аднак бацька ў сям’і такі ж важны, як і маці. Гэта пацвердзіла і сама Вольга Феліксаўна: “Неяк з жанчынамі завялі размову, ці шчаслівыя ў замужжы і што хацелася б змяніць. Розныя былі разважанні-меркаванні, а я з упэўненасцю сказала: “Мне муж даражэй за ўсіх на свеце! 27 гадоў у шлюбе, і што б у жыцці не здаралася – мы заўсёды разам”.

…Замуж Вольга Феліксаўна пайшла зусім маладой – у 18 гадоў: будучы муж свой намер ажаніцца выказаў ледзь не на першым спатканні. Для вясковай дзяўчыны юнак з Маладзечна, які зачасціў у госці да стрыечнага брата, быў вельмі галантным кавалерам, тым больш і жыць запрасіў у горад. Але ім абаім даспадобы была вёска з яе размераным, спакойным укладам. Так праз два гады маладая сям’я з маленькім сынам пераехала на пастаяннае месцажыхарства ў Адамова. Мясцовая гаспадарка ім прадаставіла жыллё і работу. Дарэчы, цяпер у ТАА “Адамова-агра” працуе не толькі Уладзімір Яўгеньевіч, але і іх сын Аляксей. Ён трывала пусціў карані на адамоўскай зямлі: жыве побач з бацькамі ў асобным доме, у сям’і летась нарадзіліся блізняты. Для іх трохгадовы Арцём – дзядзька, нягледзячы на тое, што яны разам гуляюць і забаўляюцца.

Дачка Каця таксама ўжо мае ўласную сям’ю, з якой жыве ў Маладзечне. Надзя вучыцца ў Мінску, а Віка ходзіць у шосты клас Вішнеўскай школы. Не так даўно ў дзіцячы сад пайшоў Арцём. Сваіх дзяцей Вольга Феліксаўна і Уладзімір Яўгеньевіч Барэйкі выхоўваюць у працы, павазе да людзей, а самі стараюцца быць прыкладам ва ўсім. На вёсцы ж заўсёды хапае работы, а калі працуеш кагалам, то лепшай навукі не трэба!

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий