Знайшлі свой сакрэт шчасця

Общество

    У вёсцы Улазавічы жыве вялікая і дружная сям’я Ірыны Анатольеўны і Аляксея Аляксандравіча Рагель. Яны вынайшлі свой сакрэт шчасця, якое не ўяўляюць без кахання, узаемапавагі, узаемападтрымкі і ўважлівых адносін.

Ірына Анатольеўна працуе кастэлянкай у Валожынскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. Работа не з лёгкіх, але наша гераіня не скардзіцца. У яе на ўсё хапае часу і сіл. Аляксей Аляксандравіч выбраў самую мужную прафесію – ён ваеннаслужачы воінскай часці 30695.

Выхоўваюцца ў сям’і трое дзетак. Старэйшай дачцэ Анастасіі ўжо споўнілася 16 гадоў. Яна вучыцца ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы. У школе дзяўчынка з задавальненнем наведвала ўрокі матэматыкі, любіла фізіку, інфарматыку. Цягнулася Анастасія і да прыгожага, яна закончыла школу мастацтваў і цяпер умела іграе на музычным інструменце. З маленства дзяўчыне падабалася дапамагаць гатаваць, асабліва на святочны стол.

Сярожа і Павел – вучні пачатковых класаў гімназіі № 1 райцэнтра. Абодвум хлопчыкам, як і старэйшай сястры, даспадобы дакладныя навукі. Займаюцца яны і спортам. Пашу больш па душы прыйшоўся футбол, а Сяргей аддае перавагу баскетболу.

Выхаванне дзяцей – гэта складаная, надзвычай адказная, штодзённая карпатлівая праца. Але нашы героі цяжкасцей на баяцца. Ірына Анатольеўна сама расла ў шматдзетнай сям’і: у яе два браты і тры сястры. Жанчына гаворыць, што ўсе складанасці лягчэй пераадолець, калі побач любячы муж. І хіба можна з чым-небудзь параўнаць радасць мацярынства, хвіліны хвалявання, калі трымаеш у першы раз на руках сваю крывінку. Бацькі для дзяцей з’яўляюцца прыкладам, падтрымліваюць іх ва ўсіх пачынаннях, стараюцца прывіць любоў да працы, адказнасць за даручаную справу і свае ўчынкі.

Сям’я Рагель трымае вялікую гаспадарку, абрабляе вялікі ўчастак зямлі. За любую справу бяруцца дружна. Дзяцей з маленства да працы прывучаюць, таму тыя спрытна са ўсім спраўляюцца. Аляксей Аляксандравіч вучыць хлопчыкаў разбірацца ў тэхніцы, кіраваць трактарам, без якога ў вёсцы цяпер ніяк не абысціся.

Вельмі ўдзячная Ірына Анатольеўна сваёй свекрыві Аліне Антонаўне, разам з якой маладая сям’я стала жыць адразу пасля вяселля. Цяпер дзеці селяцца асобна ад бацькоў, не знаходзяць розныя пакаленні між сабой разумення, не ўмеюць і не хочуць саступаць адзін аднаму. А ў доме сям’і Рагель пануе атмасфера добразычлівасці, кожны стараецца атуліць клопатам блізкіх, умеюць размеркаваць абавязкі.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий