З баявой задачай справіліся

Общество

    Тэрыторыя Валожынскага раёна, а дакладней – лясны масіў і поле бліз вёскі Залессе, нядаўна стала месцам правядзення так званага палявога выхаду 15-й зенітна-ракетнай брыгады Паўночна-Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войск СПА, у рамках якога былі праведзены планавыя вучэнні 1-га і 4-га дывізіёнаў воінскай часці 30151.

Штучна створаныя ваенныя дзеянні доўжыліся трое сутак. Галоўная мэта, што ставілі перад сабой камандзіры дывізіёнаў падпалкоўнік  Д. С. Кірылаў (начальнік лагернага збору) і маёр А. В. Гацура, – навучыць ваеннаслужачых выконваць разнапланавыя задачы ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых.

Згодна з праграмай вучэнняў быў абсталяваны палявы лагер, які можа працяглы тэрмін існаваць без стасункаў са знешнім светам. Бензінавы агрэгат “АБ-4” для асвятлення і работы камп’ютараў, дызельны электрастат “ДЭС-5-І-57” для забеспячэння работы тэхнікі, палявая кухня “КП-130”, печкі-буржуйкі… Такі арсенал гатовы падтрымаць выключна аўтаномную жыццядзейнасць невялікага населенага пункта. Усяго ў лагеры размясціліся каля 70 чалавек, з якіх 30 – ваеннаслужачыя тэрміновай службы.

На працягу 72 гадзін афіцэры і салдаты абслугоўвалі і эксплуатавалі абсталяванне ў даволі складаных прыродных умовах. На высокім узроўні была наладжана абарона лагера і баявых пазіцый ад умоўнага праціўніка, які не толькі спрабаваў атакаваць з неба (у аперацыі была задзейнічана баявая авіяцыя – самалёты і верталёты), але і накіраваў дыверсійную групу з мэтай абясточыць і захапіць тэхнічны арсенал збору. 20 хвілін спатрэбілася зенітчыкам, каб выявіць і захапіць варожы атрад, ролю якога выконвалі сапраўдныя ваенныя. А вось канкрэтныя паветраныя цэлі знішчаліся з дапамогай спецыяльных імітатараў.

Вынік аперацыі прызнаны паспяховым – дывізіёны з баявой задачай справіліся. Наступны палявы выхад брыгады запланаваны на жнівень бягучага года. Падчас чарговых маштабных вучэнняў вайскоўцы рыхтуюць цікавы і незвычайны сюрпрыз для моладзі Валожыншчыны. У рамках збору ў лагер будуць запрошаны навучэнцы школ з мэтай знаёмства іх з буднямі людзей у пагонах. Плануецца правядзенне мерапрыемстваў патрыятычнага кірунку.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий