Пра раён будуць ведаць і ў Польшчы

Официально

    На мінулым тыдні дэлегацыя з 40 прадстаўнікоў кааперацыйных банкаўскіх структур, бізнес-колаў, сельскіх і фермерскіх гаспадарак з Рэспублікі Польшча наведала наш раён з турыстычнымі мэтамі і перспектывай магчымага супрацоўніцтва ў эканамічнай і аграрнай сферах.

У пятніцу ў райвыканкаме адбылася іх афіцыйная сустрэча з кіраўніцтвам раёна, адкрыў якую старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Ад палякаў на мерапрыемстве прысутнічалі віцэ-прэзідэнт кааперацыйнага банка развіцця ў Шэпетава Іяланта Завадска, начальнік тэхнічнага аддзела навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі Станіслаў Ян Калінскі, дырэктар кааперацыйнай банкаўскай справы ў Польшчы Бернардэта Зыг, прэзідэнт аднаго з кааперацыйных банкаў Вітольд Марцін Мараўскі, мэр муніцыпальнага кіравання Рава Мазавецка Кшыштаф Старчэўскі і інш.

На сустрэчы прадстаўнікі суседняй краіны даведаліся пра нашу Валожыншчыну, яе прамысловы і эканамічны патэнцыял, а запрошаныя на мерапрыемства кіраўнікі ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, КСУП “Пяршаі-2014” і СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” праінфармавалі пра дзейнасць давераных прадпрыемстваў, прадэманстравалі выпускаемую прадукцыю, а таксама падзяліліся вопытам эфектыўнага гаспадарання. Затым дэлегаты адправіліся на экскурсію па запланаваным маршруце. Як расказаў старшыня райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, які суправаджаў замежных турыстаў падчас усяго іх знаходжання ў раёне, туды былі ўключаны прамысловая і сельскагаспадарчая зоны Валожына і Івянца, некаторыя аграсядзібы раёна. Асаблівыя ўхвальныя словы ад палякаў прагучалі ў адрас уладальнікаў сядзібы “Налібоцкія васількі” Васіля і Марыі Шакуноў, што гасцінна сустрэлі дэлегатаў у першы ж дзень іх прыезду.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий