Эстонцам далі майстар-клас…

Общество

    У красавіку на Міншчыне для азнаямлення з турыстычным, прыродным і культурным патэнцыялам вобласці пабывала дэлегацыя з Эстоніі. У яе саставе былі 38 прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання, бізнесмены, тураператары.

    Людзі самага рознага ўзросту прадстаўлялі паўднёвыя раёны Эстоніі, некаторыя з іх у нашай рэспубліцы былі ўпершыню, а моладзь практычна не разумела рускую мову. У першы дзень дэлегацыя наведала наш раён, далей у праграме былі знаёмства з Мінскам, прыём у Пасольстве Эстоніі, выстава “Турызм-2017”, якая працавала ў тыя дні, наведванне турыстычных аб’ектаў у Нясвіжскім, Стаўбцоўскім і Мядзельскім раёнах.

У нашым раёне прадстаўнікоў Эстоніі сустракалі ў фермерскай гаспадарцы “Экафлора” члены спажывецкага кааператыва па развіцці аграэкатурызму “Валожынскія гасцінцы”. Новы старшыня кааператыва Васіль Грынь расказаў, што ў першую чаргу аб’яднала гаспадароў аграсядзіб, фермерскіх гаспадарак і рамеснікаў, як і чым яны могуць сустрэць турыстаў з балтыйскай краіны, што паказаць, чым зацікавіць, чаму навучыць.  Гэта ўнутраны турызм і кааперацыя, гісторыя і этнаграфія, майстар-класы і многае іншае. Затым кожны з членаў кааператыва расказваў пра свае здабыткі, планы, перспектывы супрацоўніцтва.

А прапанаваць аграсядзібы і фермерскія гаспадаркі, што размешчаны на валожынскай зямлі, могуць адпачынак на любы густ для сем’яў і маладзёжных кампаній, аматараў турызму. Тут і кантактны заапарк, як у сядзібе “Коні-поні”, “Падарожжа ў краіну кветак” з некалькімі станцыямі, майстар-класы па пасадцы кветак – “Экафлора”. “Падарожжа на Аляску ў стылі Джэка Лондана” арганізуюць на “Хутары Дудара”. Свой лялечны тэатр “Батлейка”, вяровачны гарадок і многае іншае прапануюць гасцям на сядзібе “Ганка”. А яшчэ тут праводзяць інтэлектуальныя гульні, дзе збіраюцца да 300 удзельнікаў, ладзяць хлебны падворак – выпякаюць хлеб па старадаўніх народных рэцэптах. У фермерскай гаспадарцы “Мядовая каралева” апантаныя мёдам і вырабамі з яго, з воску. У гаспадарцы налічваецца каля 70 пчаліных вулляў. Майстар па шклу Васіль Рубцоў здзіўляе наведвальнікаў сваімі шклянымі і крыштальнымі вырабамі. У аграсядзібе “Налібоцкія васількі” збіраюць экспанаты для адкрыцця музея коннага транспарту. Сядзіба “За масточкам”, размешчаная на беразе Заходняй Бярэзіны, разлічана на актыўны сямейны адпачынак, тут маюцца спартыўныя пляцоўкі, арганізуюць рыбалку, сплавы па рацэ, даюць майстар-класы па падводным плаванні.

Гасцям падарылі мноства даведачнага матэрыялу з рэквізітамі аграсядзіб.

У той дзень яны пабывалі таксама на сядзібе “Свет пчол”. У аздараўленчай базе “Галактыка”, дзе  начавалі, быў арганізаваны круглы стол для абмену думкамі, замацавання сувязей. Наш знакаміты калектыў “Гасцінец” даваў гасцям майстар-клас па навучанні старабеларускім танцам.

…Сёння, калі колькасць аграсядзіб у рэспубліцы павялічваецца, рэчаіснасць падказвае, што трэба выходзіць за рамкі проста камфортнага жылля на ўлонні прыроды.  Каб госці выбралі менавіта вас, трэба іх нечым зацікавіць, прапанаваць культурную праграму, насыціць іх адпачынак. Члены кааператыва “Валожынскія гасцінцы” працуюць у цеснай кааперацыі адзін з адным. І рэкламуюць сябе рознымі даступнымі метадамі. Пасля дадзенай сустрэчы з асобнымі прадстаўнікамі эстонскай дэлегацыі наладжваюцца стасункі, а значыць, усе старанні былі недарэмныя.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий