Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

З 8 мая ў Беларусі традыцыйна праходзіць месячнік Чырвонага Крыжа. Гэта грамадская арганізацыя адна з самых старэйшых і аўтарытэтных у краіне.

У нашым раёне дзейнічаюць 29 пярвічных арганізацый Таварыства Чырвонага Крыжа, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах больш за 2700 чалавек. Ёсць рэальны шанц менавіта ў дні месячніка павялічыць іх колькасць, стварыць некалькі новых у арганізацыях і на прадпрыемствах. Будзе пашырацца валанцёрскі рух, а на Валожыншчыне на рахунку валанцёраў шмат добрых і гучных спраў. Раённая арганізацыя таварыства прымае ахвяраванні ад жыхароў раёна, валанцёры будуць збіраць сродкі на рынку ў Валожыне, сярод індывідуальных прадпрымальнікаў, з дабрачыннай місіяй яны наведаюць сацыяльны прытулак, карэкцыйны цэнтр. Усе сабраныя грашовыя сродкі і рэчы будуць размеркаваны сярод тых, хто ў гэтым мае найбольшую патрэбу. Запрашаем жыхароў раёна праявіць неабыякавасць і ўключыцца ў высакародную справу па зборы сродкаў для маламаёмных і адзінокіх, унесці свой асабісты ўклад у скарбонку дабрыні.

    Набліжаюцца летнія канікулы. У гэты час вялікая ўвага надаецца аздараўленню школьнікаў у розных кірунках – раённых летніках і за межамі раёна, у санаторыях краіны, а таксама непасрэдна за мяжой.

Напярэдадні канікул у раёне прымалі некалькі дэлегацый прадстаўнікоў Хрысціянскага саюза маладых людзей з Германіі, што на працягу многіх гадоў актыўна супрацоўнічаюць з нашым раёнам па аздараўленні дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі. Акрэслена, колькі дзяцей пройдуць аздараўленне ў гэтай краіне за тры летнія месяцы. Нямецкія дабрачынцы наведалі дзіцячы сад № 3 у райцэнтры і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”, пабывалі ў Сакаўшчынскай СШ. Яны таксама сустрэліся з сем’ямі, чые дзеці ўжо адпачывалі ў іх краіне, у дэлегацыі былі некаторыя з “прыёмных бацькоў”.

 

У раёне распрацаваны экскурсійны маршрут па памятных мясцінах “З гісторыяй, з культурай, з намі”, які арганізавалі работнікі культуры.

Вандроўка стартуе з Валожына, далей – Сакаўшчына-Вішнева-Дзясятнікі-Дубіна. Першымі абкаталі яго прафсаюзныя лідары раёна, пра што наша газета ўжо пісала. 9 мая па гэтым маршруце праехала адна з нямецкіх дэлегацый, на мінулым тыдні “вандравалі” таксама валанцёры медработнікі і прадстаўнікі жылкамунгаса. На завяршальным этапе маршруту гасцей нязменна чакае абед з нацыянальнымі стравамі, ёсць і чыста дубінскія “вынаходніцтвы”. Для аказання платных паслуг даводзіцца шмат папрацаваць, каб госці заставаліся задаволенымі і слава пра валожынскую вандроўку выйшла за межы раёна, каб цікавасць да мясцовай гісторыі, краявідаў толькі прымнажалася.

 

    Змянілася працэдура прыёму заявак на рамонт паштовых скрынак, якую аказвае раённы вузел паштовай сувязі.

Цяпер вам прапануюць асабіста прыйсці ў аддзяленне і напісаць заяву з указаннем таго, што патрэбна зрабіць і адрамантаваць. І адразу ўнесці аплату за рамонт. Найчасцей выходзяць са строю замкі, часта губляюцца ключы ад скрынкі, у некаторых выпадках іх ламаюць хуліганы.

За тры месяцы мінулага года было пададзена 28 заявак на рамонт, у выніку 17 чалавек увогуле не з’явіліся за новымі ключамі і адпаведна не аплацілі паслугу. Сёлета ж за першыя тры месяцы былі пададзены 14 заявак, і ўсе рамонтныя работы своечасова выкананы і аплачаны.

 

    7 мая ў Брылькоўскім філіяле фізкультурна-аздараўленчага цэнтра прайшла адкрытая спартакіяда сярод ветэранаў спорту.

У ёй прынялі ўдзел каманды нашага і Мінскага раёнаў. На адкрыцці спартакіяды прысутнічала старшыня абласной арганізацыі ветэранаў спорту Алена Васільеўна Белавусава. У праграме былі спаборніцтвы ў пяці намінацыях. У рускіх шашках сярод жанчын лепшы вынік паказала Т. Семяняга, сярод мужчын – П. Літвін з Мінскага раёна, за шахматнай дошкай мацнейшым быў М. Шыян. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі не было роўных сямейнай пары Ларысе і Рыгору Гладчанкам. У настольным тэнісе перамагла прадстаўніца Мінскага раёна А. Волкава, сярод мужчын – А. Лях. У кідках у баскетбольнае кальцо перамаглі таксама прадстаўнікі нашага раёна – Т. Семяняга і В. Ажарэльеў. Відавочна, што і камандную перамогу святкавала каманда ветэранаў спорту нашага раёна.



Добавить комментарий