Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

“ЗАНАЧКУ” ЗЛОДЗЕЙ АДШУКАЕ

Супрацоўнікамі праваахоўных органаў вядзецца раскрыццё адразу некалькіх фактаў прапажы грошай. Па статыстыцы, 64 працэнты такіх крадзяжоў раскрываюцца. Так што тым, хто пагрэў рукі на чужым дабры, радавацца рана.

Самы буйны крадзеж зафіксаваны ў адносінах да індывідуальнага прадпрымальніка. Мужчына трымаў 24500 рублёў і 500 долараў ЗША ў шуфлядцы шафы. Прапажу заўважыў выпадкова і нават не падазрае, хто мог учыніць злачынства.

Пенсіянерка з Ракава грошы ў суме 362 рублі трымала пад матрацам у спальні. Але гэту схованку невядомы рассакрэціў і пакінуў бабулю без пенсіі. На месцы здарэння следчыя адшукалі адбіткі пальцаў, якія, спадзяёмся, дапамогуць у хуткім часе адшукаць злачынца.

У Пяршаях адбыліся адразу два крадзяжы грошай. Зладзеі, мужчына і жанчына, затрыманы. Першае непрыемнае здарэнне напаткала пенсіянера, які па дабраце душэўнай упусціў у дом знаёмага чалавека. Госць, не доўга думаючы, нанёс пажылому гаспадару некалькі ўдараў, а потым самым нахабным чынам забраў у таго з кішэні 250 рублёў. У другім выпадку пацярпелай аказалася медсястра мясцовай бальніцы. Абакралі яе на рабочым месцы. У жанчыны з сумачкі знік кашалёк з грашамі і разліковымі карткамі.

Як напамінаюць супрацоўнікі міліцыі, ні шафа, ні матрац, ні кішэня ці сумачка не забяспечаць належнае захоўванне грошай! Зберажэнні захоўвайце ў банкаўскіх установах, а сумы для штодзённых расходаў не пакідайце без нагляду!

ДВОЙЧЫ ПАЦЯРПЕЛЫ

Пенсіянер з Валожына на працягу месяца двойчы вымушаны быў звярнуцца за дапамогай у міліцыю. Спачатку мужчына паведаміў аб тым, што ў яго ўкралі паўтаралітровую бутэльку самагону. Хто мог учыніць крадзеж, пацярпелы ўказаў дакладна.

Другі выпадак аказаўся куды больш драматычным. Да пажылога чалавека прыйшоў знаёмы і выказаў жаданне набыць у старога гарэлку, цыгарэты, мабільны тэлефон. За ўсё з гатоўнасцю выклаў 100 еўра. Радасць ад удалай здзелкі для прадаўца была азмрочана тым, што купюра аказалася не проста падробкай, а сувенірам. Фальшываманетчык затрыманы.

БЫЛО ВАША – СТАЛА НАША…

Ад жыхара вёскі Бялякі паступіў сігнал аб тым, што яго абакралі. З дома невядомая асоба забрала электрычны лобзік, гумовыя боты, граблі, пісталет-распыляльнік для шланга і брытвенны станок. Па падліках, нанесены ўрон складае 174 рублі.

Іншыя крадзяжы з дамоў, кватэр і гаспадарчых пабудоў, якія зарэгістраваны на тэрыторыі раёна, таксама маштабнасцю не вызначаліся. Так, пацярпелы з Жураўцаў паведаміў аб прапажы рубанка коштам 20 рублёў і дрылі за 50 рублёў. У вёсках Крыніца і Лабы зладзеі паквапіліся на прадукты харчавання, у Гіліках з двара былі скрадзены тачка і металічная труба, жыхара Душкава зламыснікі пакінулі без мікрахвалёўкі і некаторых прадметаў гардэробу.

Цікавасць у нячыстых на руку грамадзян выклікае самая розная маёмасць. Гаспадар з вёскі Загорцы недалічыўся ў сваім садзе саджанцаў яблынь, абрыкосаў, кустоў буякоў, агрэсту і парэчак. У Нелюбах з хлява хтосьці панёс два плугі, навасёла з Будраўшчыны абабралі ледзь не да ніткі, вынесшы ўсе піламатэрыялы. Дачніка з Міжрэчча пазбавілі двух катушак меднага дроту, чым учынілі ўрон на 840 рублёў.

Сярод ахвяр зладзеяў ёсць і аўтааматары. У Вішневе з салона іншамаркі невядомы скраў розных прадметаў на суму 260 рублёў. У райцэнтры з прыпаркаванай па вуліцы Гагарына легкавушкі нехта забраў люстэрка задняга віду, магнітолу, флэш-карту і іншыя рэчы.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий