Для блізкіх і далёкіх суседзяў

Культура

    З даўніх часоў Гародзькі славіліся на ўсю акругу кірмашамі. 7 мая сюды з’ехаліся суседзі з Маладзечаншчыны і Смаргоншчыны на фестываль, які ў будучым можа стаць яшчэ адным брэндам вёскі. Ідэя не была “навязана” зверху, мясцовыя людзі самі вырашылі наладзіць новую традыцыю, а работнікі культуры ахвотна падтрымалі гэту ініцыятыву.

Як паведаміла старшыня Гародзькаўскага сельвыканкама Г. Ф. Садоўская, дэбют фестывалю “Суседзі” прайшоў настолькі гладка, на такой высокай ноце, што ўжо спеюць планы на наступны год. Неабходна зазначыць, што арганізатары ў той дзень забілі адразу двух “зайцаў”: правялі фэст і свята вёскі. Спонсарам “дуплета” выступіла мясцовае сельгаспрадпрыемства “Лоск”. Кіраўнік гаспадаркі Д. М. Драбышэвіч уручыў памятныя падарункі 90-гадовым юбілярам Валянціне Міхайлаўне Жамойдзінай, Галіне Аляксееўне Жамойдзінай, Галіне Міхайлаўне Макеевай, Веры Фёдараўне Бартош, самаму маленькаму жыхару вёскі Антону Сліжу, які з’явіўся на свет 30 сакавіка гэтага года, а таксама механізатару Генадзю Міхайлавічу Арловічу, бо акурат 7 мая гэты паважаны чалавек святкаваў дзень свайго нараджэння.

Што датычыцца памятных сувеніраў, то недахопу ў іх на фэсце не было. Госці не прамінулі прапанаваць валожынцам свае вырабы. Бойка ішоў гандаль у гаспадыні аграсядзібы “Раўнавага” Ларысы Мытнік. Яе з густам выкананыя работы карысталіся попытам і ў дарослых, і ў дзяцей.

Вяскоўцы аказаліся яшчэ і вельмі ўдзячнымі гледачамі. Яны з цеплынёй віталі ўсіх артыстаў, як “сваіх” “Гасцінец”, “Сваякоў”, “Дубінскіх фанабэраў”, так і прыезджых. Ярка заявіў пра сябе і новы самадзейны гурт з невялічкай вёскі Лохаўшчына “Гутатэлі”. Аматараў сучаснай беларускай музыкі парадавала выступленне саліста групы “Крыві” Піта Паўлава. На працягу чатырох гадзін прысутныя не толькі забаўляліся канцэртнымі нумарамі, але і вучыліся карыснаму ў майстар-класах. Хтосьці цікавіўся вырабам глінянага посуду, нехта майстраваў лялькі ці прыдумваў паштоўкі, упрыгожаныя пацеркам і воўнай. Для прыхільнікаў спорту працавала веламайстэрня.

Калектыву мясцовай школы мастацтваў напярэдадні фестывалю давялося пастарацца, бо менавіта каля іх установы ўсё і адбывалася. Дарэчы, дзеці былі самымі актыўнымі ўдзельнікамі фэсту. Мясцовыя хлапчукі нават фільм знялі пра родныя Гародзькі. Яго прэм’ера стала фінальным акордам. Аператарскай і рэжысёрскай справе юныя кінадакументалісты вучыліся ў рэжысёра з Польшчы Даніэля Кермута.

Такім чынам, фестываль “Суседзі” выклікаў зацікаўленасць не толькі ў прадстаўнікоў айчынных СМІ, але і замежных журналістаў.

Алена ЗБІРЭНКА

Для-блізкіх-і-далёкіх-суседзяў-1

Для-блізкіх-і-далёкіх-суседзяў-2



Добавить комментарий