Юр’еў дзень у Дубіне

Культура

 Юр’е – адно з самых цікавых і паважаных свят народнага календара. Адзначаецца яно ў дзень Святога пакутніка Георгія Перамаганосца, які ва ўяўленні беларускіх сялян з’яўляецца заступнікам палеткаў, пастухоў і свойскай жывёлы.

Для прыхаджан царквы ў вёсцы Дубіна (храм названы ў гонар Георгія Перамаганосца) дата 6 мая – нагода для правядзення фэсту, што па даўняй традыцыі ладзіцца тут.

Пачалося святкаванне, як звычайна, з набажэнства. У храме было шматлюдна. Апроч мясцовых жыхароў, сюды завіталі іх суседзі з навакольных вёсак Кібуці, Бурмакі, Узбалаць, Дайнава, Чабаі, Рачаняты. Прысутнічалі таксама прыхаджане Славенскага, Забрэзскага, Сакаўшчынскага, Вішнеўскага прыходаў. Службу правёў святар айцец Валерый пры ўдзеле епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла. Уражанне ад урачыстасці ўзмацнялася песнапеннямі ў выкананні царкоўнага хору з Мінскага рэгенцкага вучылішча. Ганаровымі гасцямі сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Глінскі, дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Генадзь Каспяровіч, рэжысёр тэлеканала “Мір” Аксана Лашук.

Юр’еўскія традыцыі – кангламерат хрысціянскага вучэння і народных звычаяў і абрадаў. Магчыма таму яны і сёння такія прывабныя для людзей, што даражаць сваімі каранямі. Удзельнікі аб’яднання “Бацькаўшчына” старанна адраджаюць усе адметныя моманты і атрыбутыку, уласцівую святам, якія спрадвеку ладзіліся ў іх краі. “У Беларусі немагчыма аддзяліць царкоўны каляндар ад народнага, вельмі ж мірна жылі і жывуць гэтыя традыцыі побач. Наша задача – падтрымліваць шыкоўнае і, на маю думку, правільнае спалучэнне”, – такім меркаваннем падзялілася кіраўнік аб’яднання, адна з арганізатараў мерапрыемства Тамара Каляда. Яна запрасіла ўсіх прысутных на працяг свята спачатку ў суседні з царквой двор, а пасля ў вясковы клуб, дзе ў адпаведнасці з традыцыямі была наладжана забаўляльная частка.

Жыхары і госці Дубіны спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў гульнях. Ніводная падзея ў гэтай вёсцы не абыходзіцца без пачастункаў. Таму на стол выстаўлялі знакамітыя дубінскія далікатэсы – салату з шальбабону (так у гэтай мясцовасці называюць фасолю), салоніцу са скваркай, розныя “фрыштыкі” (выпечка), у кубкі налівалі бярозавік. “У нас павага да мінуўшчыны не на паперы”, – жартавалі жанчыны, запрашаючы гасцей весяліцца. Цудоўным падарункам усім, хто сустракаў Юр’еў дзень на дубінской зямлі, стала выступленне заслужанага аматарскага калектыву “Гасцінец” з Ракава. Бадай самыя вядомыя на Валожыншчыне самадзейныя артысты падарылі прысутным магчымасць паслухаць сапраўдныя абрадавыя спевы, паўдзельнічаць у майстар-класе па асваенні навыкаў народнага танца.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий